Вы тут

"Народныя амбасады" Беларусі адкрыліся ў 14 краінах свету

Удзельнікі цырымоніі адкрыцця "народных амбасад" / скрыншот відэа

Адразу 14 "народных амбасад" Беларусі абвясцілі аб пачатку сваёй працы — прэзентацыя адбылася напярэдадні ў Дзень правоў чалавека і прайшла ў анлайн рэжыме.

Ідэя "народных амбасад" была агучана і затым замацаваная ў рэзалюцыі Сусветнага кангрэса беларусаў, які прайшоў 30 кастрычніка — 1 лістапада. Ужо 10 снежня на базе дыяспар адкрыліся прадстаўніцтвы ў Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ірландыі, Іспаніі, Літве, Партугаліі, Славеніі, Украіне, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швецыі і Паўднёвай Карэі, паведамляе сайт belarusabroad.org.

На цырымоніі адкрыцця была прадстаўлена дэкларацыя "народных амбасад". У ёй гаворыцца, што беларусы за мяжой не прызнаюць афіцыйныя вынікі выбараў 9 жніўня, асуджаюць рэпрэсіі і падтрымліваюць патрабаванні народа: вызваленне палітвязняў, спыненне гвалту, пакаранне вінаватых у гвалце і правядзенне новых выбараў.

"Мы аб'яўляем аб стварэнні Народных амбасад для абароны правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян за мяжой, а таксама прадстаўлення інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі", — гаворыцца ў дэкларацыі праекта.

Мяркуецца, што "народныя амбасады" будуць інфармаваць грамадскасць аб сітуацыі ў Беларусі, наладжваць кантакты з дзяржаўнымі органамі і дзелавымі коламі краін знаходжання, а таксама абараняць правы і інтарэсы беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму.

У цырымоніі адкрыцця "народных амбасад" прынялі ўдзел лідар Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка і Святлана Ціханоўская.

"Перакананы, што адкрыццё народных пасольстваў — гэта толькі першы крок на шляху да пабудовы прынцыпова новых адносін дэмакратычнай Беларусі з яе суседзямі і іншымі замежнымі партнёрамі", — сказаў Латушка.

Ціханоўская у сваю чаргу падзякавала дыяспары за актыўнасць і ініцыятыўнасць, а таксама адзначыла, што "толькі разам мы зможам перамагчы беззаконне і як мага хутчэй наблізіць Беларусь да свабоды".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.