Naka выдала "заклікалку" да салідарнасці

У яго ўвайшлі загалоўная песня з апошняга дыска "Пора" і дзве новыя кампазіцыі "Собирайтесь" і "Всех забрали". Па словах лідара калектыву Насты Шпакоўскай, гэты альбом можна назваць рэакцыяй на апошнія сусветныя і беларускія падзеі. Праўда, спявачка прызналася, што самі песні былі напісаныя значна раней і жартаўліва дадала, што яны сталі прароцкімі.

Наста Шпакоўская: "Песні былі напісаныя недзе летам. І гэта, магчыма, было ў пэўнай ступені прароцтвам. Так атрымалася, што ў свеце апошніх падзей песні з такімі назвамі сталі актуальнымі. Мы іх узгадалі і вырашылі зрабіць такое пасланне".

Спявачка патлумачыла, што рок-калектыў не можа не звярнуць увагу на падзеі, якія ўскалыхнулі цывілізаваны свет, і не падтрымаць вольных людзей свету, у прыватнасці, жыхароў Егіпта, Кот-Д’івуара, Емена, Туніса, Расіі і, вядома, Беларусі.

Дарэчы, 16-га лютага ў Jack Club падчас фестывалю фота і музыкі "Stop-Motion" будзе прэзентаваны кліп на загалоўную песню міні-альбома "Собирайтесь". Па словах мэнэджара гурта Андрэя Ісачэнкі, у кліпе будуць дзве сюжэтныя лініі, адна з якіх перагукаецца з вокладкай альбома – картачным домікам. А працаваў на відэа малады фатограф-аматар Андрэй Акушэвіч.

Андрэй Ісачэнка: "Наш гурт увесь час папракаюць тым, што мы працуем толькі з пэўнымі рэжысёрамі: Максімам Сірым, Мацвеем Сабуравым, вось мы і вырашылі адгукнуцца на заклік маладых, і вельмі добра атрымліваецца. Песня сама па сабе, як бы - "збірайцеся!". І атрымліваецца, што з аднаго боку нехта збірае картачны домік - але гэта, зразумела, алегорыя – а з іншага боку нехта ходзіць і збірае...".

Дададзім, што ўжо ад лета мастачка Анастасія Шастак працуе над кліпам на песню "By You". Кліп будзе зроблены ў пясочнай анімацыі, а гэта вельмі складаны працэс, і таму немагчыма сказаць, калі ён будзе канчаткова гатовы. Нагадаем, што ўжо шмат часу гурт Naka шукае гітарыста. Па прызнанні фронтвуман калектыву, менавіта яго адсутнасць тармазіць выхад паўнавартаснага альбома.

Наста Шпакоўская: "З-за адсутнасці музыкі ў гурце, я не магу прагназаваць выхад альбома ў бліжэйшы час, хоць для гэтага ёсць усё, акрамя гітарыста. Але гурт працягвае рухацца. Літаральна зараз пачынае працаваць вельмі цікавы праект, такое рашэнне адсутнасці гітарыста ў гурце. Але без гітарыста мы безумоўна не будзем. Думаю, мы вельмі цікава выкруцімся з гэтай сітуацыі".

Іншых падрабязнасцяў выхаду з сітуацыі Наста пакуль не назвала, але паабяцала, што зусім хутка ўсё рассакрэціць.

Мініальбом "Собирайтесь" гурта Naka можна бясплатна і без рэгістрацыі скачаць на афіцыйным сайце каманды.

Фота: www.naka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі