Нацыянальны аэрапорт "Мінск" падаў у суд на сайт Petitions.by
Нацыянальны аэрапорт "Мінск" падаў у суд на праект "Зручны горад. Petititons.by". Нагодай стала адна з петыцый, размешчаных на сайце, паведамляюць у Фэйсбуку аўтары праекта.
Адміністрацыя аэрапорта незадаволеная петыцыяй, якая патрабуе зняць абмежаванні на колькасць бясплатных заездаў для таксі і служб перавозкі, уведзеныя аэрапортам.
Адміністрацыя аэрапорта выставіла некалькі патрабаванняў:
1) абавязаць уладальнікаў сайта выдаліць петыцыю, бо яна, на думку пазоўніка, не адпавядае рэчаіснасці;
2) абавязаць уладальнікаў сайта абвергнуць звесткі з петыцыі, якія, на думку кіраўніцтва аэрапорта, не адпавядаюць рэчаіснасці;
3) абавязаць уладальнікаў сайта спыніць выдачу спасылак на інтэрнэт-рэсурсы, якія размяшчаюць звесткі, якія аспрэчвае кіраўніцтва аэрапорта.
Верагодна, гэта першы ў гісторыі Беларусі выпадак, калі пазоў у суд пададзены на афіцыйны зварот у дзяржаўны орган. Стваральнікі сайта Petitions.by мяркуюць, што ў пазоўнікаў нічога не атрымаецца. Яны спасылаюцца на пункт 5 пастановы Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2005 №16 "Аб некаторых пытаннях прымянення гаспадарчымі судамі заканадаўства пры разглядзе спраў аб абароне дзелавой рэпутацыі". Там гаворыцца, што звесткі, паведамленныя ў заяве ў каметэнтны дзяржаўны орган, нельга лічыць распаўсюдам інфармацыі, якая ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.