Начныя абстрэлы Крывога Рога і Данецка, ёсць пацярпелыя — 285-я раніца вайны

Наступствы ўдару па горадзе Крывы Рог / Офіс прэзідэнта Украіны
Наступствы ўдару па горадзе Крывы Рог / Офіс прэзідэнта Украіны

Адзін чалавек загінуў і некалькі атрымалі раненні ў выніку расійскага ракетнага абстрэлу па Крывым Рогу, піша Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.

"Пасля паўночы расіяне ўдарылі трыма ракетамі па Крывым Рогу. Патрапілі ў прамысловае прадпрыемства. Забілі работніка. Яго цела ратавальнікі дасталі з-пад завалаў разбуранага вытворчага цэха", — распавядае ён. Яшчэ траіх параненых даставілі ў мясцовую бальніцу. Іх стан медыкі ацэньваюць як сярэдняй цяжкасці.

Ракетны абстрэл гэтай ноччу перажыло і Запарожжа. Расіяне ўдарылі ракетамі па аб'ектах прамысловай і энергетычнай інфраструктуры горада, кажа выконваючы абавязкі мэра Анатоль Курцеў. Пашкоджанні атрымала адно з прыватных прадпрыемстваў.

На Запарожскім кірунку асноўныя намаганні расійскіх войскаў сканцэнтраваныя на ўтрыманні занятых рубяжоў, піша Hromadske са спасылкай на абласную адміністрацыю. Учора расіяне абстралялі грамадзянскую інфраструктуру ў раёнах дзясятка населеных пунктаў вобласці. Мясцовыя ўлады атрымалі 25 паведамленняў аб разбурэнні дамоў (кватэр) грамадзян і аб'ектаў інфраструктуры. А ў Днепрапятроўскай вобласці больш за ўсё ад удараў пакутуе Нікапальскі раён, які размешчаны каля акупаванай часткі Запарожскай вобласці. Абстрэльвалі яго і гэтай ноччу.

Гэтай ноччу выбухі гучалі і ў акупаваным Данецку. Ён знаходзіцца пад кантролем расіян. Расійскія медыі кажуць, што горад абстралялі ракетамі ўкраінцы.

Ночные обстрелы Кривого Рога и Донецка, есть пострадавшие —  285-е утро войны
Наступствы абстрэлу Данецка / РИА Новости

Рэспубліка Беларусь працягвае падтрымліваць ўзброеную агрэсію Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, дае ёй тэрыторыю і паветраную прастору для нанясення ракетных і авіяцыйных удараў. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Там таксама адзначаюць, што беларускія падраздзяленні "працягваюць выконваць пастаўленыя задачы ў памежных з Украінай рэгіёнах".

Расіяне спрабуюць наступаць на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках — спрабуюць палепшыць тут тактычнае становішча, пра гэта кажуць і ва ўкраінскім Генштабе, і ў Інстытуце вывучэння вайны (ISW).

Эксперты Інстытута таксама адзначаюць, што здольнасць Украіны захоўваць ваенную ініцыятыву залежыць ад працягу контрнаступальных аперацый УСУ гэтай зімой. У снежні з надыходам маразоў Украіна зноў зможа весці манеўраную вайну, якая восенню затармазілася з-за бездарожжа. "Зіма звычайна з'яўляецца лепшай парой для механізаваных баявых дзеянняў, тады як вясна — не. Раставанне снегу будзе напаўняць рэкі, а палі ператворацца ў бруд. Украінскія сілы, верагодна, рыхтуюцца скарыстацца мёрзлай мясцовасцю, каб перасоўвацца лягчэй, чым яны маглі б у восеньскія месяцы", — кажуць аналітыкі.

Расія страціла ініцыятыву ў Украіне летам пасля кульмінацыі наступу ў Данбасе. Са жніўня 2022 года ініцыятыву захапілі і ўтрымліваюць украінскія сілы. З тых часоў яны правялі шэраг паспяховых контрнаступальных аперацый. Украіна вызваліла большую частку Харкаўскай вобласці ў верасні, Херсон ў лістападзе, і ў цяперашні час стварае ўмовы для новага наступу УСУ ў іншых месцах гэтай зімой. І калі партнёры Украіны не падтрымаюць украінскія сілы ў правядзенні буйнамаштабных рашучых контрнаступальных аперацый гэтай зімой, здольнасць УСУ весці манеўраныя баявыя дзеянні будзе абмежаваная. А гэта ў сваю чаргу можа даць расійскім сілам каштоўную адтэрміноўку на тры-чатыры месяцы і пазбавіць Украіну перавагі.

Ночные обстрелы Кривого Рога и Донецка, есть пострадавшие —  285-е утро войны
Карта баёў у Харкаўскай і Данецкай абласцях 4 снежня 2022 года / understandingwar.org

Гэтай зімой уся Украіна павінна стаць адным вялікім пунктам нязломнасці, лічыць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Пра гэта ён казаў у вячэрнім відэазвароце.

"Вораг вельмі спадзяецца выкарыстоўваць зіму супраць нас: зрабіць зімовы холад і цяжкасці часткай свайго тэрору. Мы ж павінны зрабіць усё, каб выстаяць гэтую зіму, як бы гэта ні было цяжка. І мы выстаім. Выстаяць гэтай зімой — гэта адстаяць ўсе", — заявіў ён. Па словах Зяленскага, каб прайсці гэтую зіму, украінцы "павінны яшчэ больш дапамагаць адзін аднаму, чым калі-небудзь, і яшчэ больш клапаціцца адзін пра аднаго", а таксама быць "яшчэ больш устойлівымі і адзінымі, чым калі-небудзь". Не павінна быць ўнутраных канфліктаў. Трэба яшчэ больш ўзаемадзеяння, чым калі-небудзь.

Украінскі прэзідэнт таксама адзначыў, што сілы абароны моцна трымаюць пазіцыі нават на самых складаных кірунках. Па словах Зяленскага, асабліва складана цяпер у Бахмуте Данецкай вобласці.

У ЗША шукаюць альтэрнатыўную форму прызнанні Расіі дзяржавай-спонсарам тэрарызму, каб пазбегнуць "непажаданых наступстваў". Пра гэта распавёў дзяржсакратар Энтані Блінкен 4 снежня ў інтэрв'ю CNN. Паводле яго, Дзярждэпартамэнт ЗША цяпер працуе з Кангрэсам над адпаведным законапраектам. У выпадку такога прызнання ЗША прыйдзецца пашырыць свае санкцыі, распаўсюдзіць іх не толькі на пэўныя сектара расійскай эканомікі, адзначае Hromadske. Тыя краіны, якія ўжо прызнаныя ЗША дзяржавамі-спонсарамі тэрарызму (Куба, Паўночная Карэя, Іран і Сірыя), гандлююць са светам значна менш, чым Расія.

Літва адправіла ва Украіну для патрэб УСУ артылерыйскія снарады калібра 155 мм, пра гэта паведаміў у Twitter літоўскі міністр абароны Арвідас Анушаўскас. Нядаўна Літва перадала Украіне яшчэ дзве адрамантаваныя гаўбіцы Panzerhaubitze 2000, якія былі пашкоджаныя падчас баявых дзеянняў, а заадно і боепрыпасы. Усяго Вільнюс абяцаў адрамантаваць 12 гаўбіц. 6 — ужо адрамантаваны. А ў цэлым гэтая краіна з насельніцтвам менш за 2,8 млн ужо прадаставіла Украіне дапамогу больш чым на 640 мільёнаў еўра, з якіх 232 мільёны — на патрэбы арміі, адзначае Нromadske.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі