На хакейным турніры пабіліся з сынам Лукашэнкі

На хакейным турніры пабіліся з сынам Лукашэнкі

Дзіцячая хакейная каманда "Грыфоны", у якой гуляе малодшы сын кіраўніка Беларусі Мікалай Лукашэнка, выйграла мінскі адборачны турнір да фіналу спаборніцтваў "Залатая шайба". 13-гадовага Колю прызналі найлепшым нападнікам. Перамогу "Грыфонам" прынесла сустрэча з камандай "Мядзведзі".

У гутарцы з журналістамі парталу tut.by трэнер "Мядзведзяў" Дзяніс Магілатаў распавёў, ці складана гуляць супраць Лукашэнкі-малодшага. 

"У "Грыфонах" шмат гуляюць на Мікалая Аляксандравіча. Хлопцы ў яго звяне могуць доўга вазіць шайбу і чакаць, пакуль ён адкрыецца. Збольшага ў гэтым наша перавага. Калі згуляць з Мікалаем Аляксандравічам шчыльна, то астатнія не будуць ведаць, што рабіць. Гэта значыць, трэба хутчэй прэсануць, ствараць шчыльнасць у сваёй зоне, не пакідаць пустыя ўчасткі поля", — адзначае тэнер. 

13-гадовага Колю Лукашэнку ён называе па імю і імю па бацьку, бо кажа, што так "больш паважна". "Можа, гэта калісьці дапаможа", — шчыра прызнаецца Магілатаў. 

Капітан "Мядзведзяў" Данііл Пазнякоў дагэтуль ужо двойчы гуляў супраць Мікалая Лукашэнкі. Таму ён лёгка адказаў на пытанне, як дзейнічаць супраць такога саперніка: "Гуляць не ў шайбу, а ў цела. Хочам выйграць". 

Дарэчы, за дзве хвіліны да канца матча адбылася бойка, у якой удзельнічаў і Мікалай Лукашэнка. У яе цэнтры апынуліся гульцы "Мядзведзяў" Пазнякоў, Галавач, Ліхтаровіч і два габарытныя гульцы "Грыфонаў". Спярша суддзя-інфарматар паведаміў, што за грубасць малы дысцыплінарны штраф накладаецца на Івана Ліхтаровіча і Мікалая Лукашэнку. Пазней прагучала ўдакладненне, што пакаранне панёс не Лукашэнка, а Таболін.

Па словах "мядзведзяў", Таболін стаў завадатарам канфлікту: ён штурхнуў Ліхтаровіча ў спіну, той адказаў. Потым у эпіцэнтры падзей апынуўся Коля Лукашэнка. Аднак суддзі своечасова разнялі бойку.

Фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба" ў старэйшай узроставай групе пройдзе з 3 па 7 студзеня. Дарэчы, тады ж пройдзе і XIV міжнародны Калядны турнір аматараў хакея, у якім чакаецца ўдзел Лукашэнкі-старэйшага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі