На волю выйшаў 22-гадовы палітвязень Аляксандр Палівода з вёскі Вельямовічы Брэсцкага раёна, паведамляюць праваабаронцы. Ён правёў год на "хіміі". 19 траўня яго тэрмін скончыўся.
Паліводу асудзілі за абразу дзяржаўнага сцяга (арт. 370 КК РБ). Паводле матэрыялаў справы, хлопец у студзені 2021 года сарваў з будынка мясцовай школы дзяржаўны сцяг і выкінуў яго.
Надоечы выйшлі на волю двое іншых палітвязняў з Маладзечна Дзмітрый Карабейнік і Рыгор Саладоўнікаў. Яны таксама цалкам адбылі тэрмін. На "хіміі" яны апынуліся за перакрыццё вуліцы з расцяжкай "Пакуль у краіне беззаконне, супраціў — наш абавязак".
Паводле звестак на 20 траўня ў Беларусі застаецца больш за 1200 палітвязняў. Іх колькасць працягвае расці.