На Кубку Дэвіса Уладзіміра Ваўчкова заменіць Уладзімір Ігнацік

У адзіночных матчах Кубка Дэвіса, дзе Беларусь згуляе са швейцарцамі, Уладзіміра Ваўчкова заменіць яго малодшы калега Уладзімір Ігнацік. Па словах капітана беларускай зборнай Дзмітрыя Татура, гэтая замена адбылася вымушана, але прычыны назваць адмовіўся. Як паведамляе БЕЛТА, у пятніцу, 11 красавіка, першымі на корт сталічнага футбольнага манежа выйдуць беларус Максім Мірны і швейцарац Стэфан Балі. Іх гульня пачнецца ў 15.00. Пасля іх спаборнічаць будуць Уладзімір Ігнацік і Станіслас Ваўрынка.

12 красавіка ў 15.00 адбудзецца парная сустрэча. Паводле папярэдняй заяўкі ў беларусаў згуляе дуэт Мірны-Ваўчкоў, а ў швейцарцаў пару складуць Іў Алегра і Станіслас Ваўрынка. Аднак Дз.Татур не выключае, што могуць адбыцца змены ў складзе дуэта.

У заключны дзень спаборніцтваў, 13 красавіка, адбудуцца яшчэ дзве адзіночныя сустрэчы: Максім Мірны - Станіслас Ваўрынка і Уладзімір Ігнацік - Стэфан Балі.