На Дзень Безбілетніка гурт "Без Білета" прэзентуе новыя песні

7 лістапада ў вялікай зале КЗ "Мінск" адбудзецца святкаванне чарговага Дня Безбілетніка.  Як распавёў лідар гурта "Без білета" Віталь Артыст, падчас доўгачаканага сольнага выступу будуць выкананыя зусім новыя песні:

Віталь Артыст: "Асноўная праграма будзе з альбома "Африка" і некалькі новых песень адыграем. "Всё сразу" і яшчэ адна песня "Ямайка", якія нідзе не выдаваліся".

Таксама музыка прызнаўся, што не вельмі любіць такія пляцоўкі, як КЗ "Мінск", бо там толькі сядзячыя месцы, але іншых варыянтаў у сталіцы няма.

Віталь Артыст: "Такой залы, якая б нам падыходзіла, на 2-3 тысячы чалавек, каб там былі сядзячыя і стаячыя месцы, у Мінску няма, таму мы чаргуем клубныя канцэрты і канцэрты ў КЗ "Мінск".

Варта адзначыць, што музыкі "Без білета" пакуль не плануюць новых дыскаў, але праца над альбомам паступова вядзецца.

Віталь Артыст: "Альбом жа не пішацца за тыдзень, яго можна і год пісаць. Мы нешта пачалі рабіць, але я думаю, што вынік будзе, магчыма, у 2011, а можа ў 2012 годзе".

Нагадаем выступ "Без білета" адбудзецца 7-га лістапада ў вялікай зале КЗ "Мінск", пачатак у 19:00. Квіткі ўжо паступілі ў продаж і каштуюць ад 18 000 да 45 000.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі