На дваццатым Басовішчы выступіць 20 гуртоў

А спальнае месца ў намётавым фестывальным гарадку будзе каштаваць 4, 5 долары Юбілейны дваццаты фэст маладой беларускай музыкі “Басовішча” стартуе 17-га ліпеня ў польскім Гарадку. Новыя арганізатары фэсту Кася Кузміч і Мажэна Саевіч распавялі Еўрарадыё пра падрыхтоўку і асаблівасці сёлетніх “Басоў”, а таксама будучыя перспектывы фэсту.

Паводле слоў Касі Кузміч, спіс выступоўцаў Басовішча-2009 цалкам складзены. На фестывальнай пляцоўцы выступяць 20 гуртоў: пераможцы конкурсу розных гадоў, госці і хэдлайнеры:

Кася Кузміч: “Была ўвогуле вялікая праблема, каб скласці праграму, таму што ў гэтым годзе ёсць 20 гуртоў. Гэта сапраўды шмат. Гурты, якія ўпершыню прыедуць на фэст, можа, трошкі пакрыўджаныя, бо маюць менш часу чым гурты-хэдлайнеры "Басовішча". Усё гэта проста залежнасці ад абставін”.

Адмысловых пажаданняў да ўдзельнікаў юбілейнага "Басовішча" ў арганізатараў не было. Хіба што некаторыя гурты самі вырашылі “трахануць мінулым”. Гурт N.R.M. , напрыклад, выступіць на фэсце ў рэтраспектыўным вобразе Мроі. Крама плануе заспяваць некалькі песень Бонды. З некаторымі гуртамі арганізатарам, па словах Касі, давялося дамовіцца наконт адмысловай праграмы:

Кася Кузміч: “Калі казаць пра спецыяльныя дамовы, дык з гуртом “ДзеціДзяцей” мы дамовіліся наконт таго, каб яны сыгралі цалкам беларускамоўную праграму. Тое самае адбылося і з гуртом “Жнюв””.

Як адзначае Кася, 17-га ліпеня фэст распачнецца а 19-й гадзіне. Афіцыйная частка адкрыцця адбудзецца ў 20.00. 18-га ліпеня а 17-й гадзіне рушыць другі дзень фэсту. Цягам абодвух дзён канцэрты будуць доўжыцца да глыбокай ночы – ажно да паловы на трэцюю. Гэтая акалічнасць зусім не палохае арганізатараў.

Кася Кузміч: “Раней здаралася, што канцэрты доўжыліся і да чацвёртай раніцы. Сёлета позна выступаюць тыя гурты, якіх публіка "Басовішча" вельмі добра ўспрымае”.

Па словах Мажэны Саевіч, уваход на канцэрты “Басовішча”, будзе бясплатным, а месца ў намётавым гарадку будзе каштаваць усяго 15 польскіх злотых, каля 4,5 долараў (раней ён каштаваў 10 злотых — ЕРБ). Як звычайна будуць разгорнуты кропкі харчавання. Апроч таго з’явіцца месца, дзе гледачы змогуць зарадзіць мабільны тэлефон:

Мажэна Саевіч: “У гэтым годзе мы хочам зрабіць месца, дзе будзе можна зарадзіць нашы мабільнікі. Гэта магчыма пры наяўнасці квітка, які будзе каштаваць 15 злотых на 2 фестывальныя дні”.

Апроч канцэртаў гледачы дваццатага "Басовішча" маюць магчымасць акунуцца ў мінулае фэсту дзякуючы фотаздымкам, відэа, фільмам, якія будуць дэманстравацца ў адмысловым намёце. Таксама на “Басах” можна будзе набыць традыцыйныя майкі і іншыя рэчы з новым лагатыпам, які распрацаваў у гэтым годзе беластоцкі графік Юрка Асеннік, які мае сваю гісторыю ўзаемаадносінаў з "Басовішчам".

Паступова новыя арганізатары абяцаюць зварухнуць фестываль з мёртвай кропкі:

Кася Кузміч: “Мы будзем рухацца паступова. Адна-дзве новыя рэчы ў год. Каб гэта не была рэвалюцыя. Каб не атрымалася сапсаваць таго, што ёсць. Будзем рабіць асцярожныя крокі”.

Фестываль "Басовішча" вядзе сваю гісторыю з 1989-га года, калі на адной з маёвак БАСу ўзнікла ідэя вялікага фэсту беларускай музыкі. На імпрэзе прысутнічалі беларускія музыкі, спяваліся беларускія песні. У наступным 1990-м годзе адмыслоўцы знайшлі месца пад фэст, і з гэтага часу пачаўся адлік фестывалю. Нягледзячы на тое, што сёлета фэст пройдзе ў 20-ы раз, асноўныя мерапрыемствы арганізатары рыхтуюць на наступны юбілейны год.

Кася Кузміч: “Я спадзяюся, што ў наступным годзе атрымаецца зрабіць тры дні фэсту, можа нават і больш. Мы збіраемся выдаць альбом фотаздымкаў пра "Басовішча". Таксама CD і DVD – дыскі з запісамі папярэдніх фестываляў”.

Бліжэйшымі днямі мы раскажам як найпрасцей атрымаць польскую візу і як найлепш даехаць на фестываль.



Абноўленая праграма                                                                                      

ПЯТНІЦА 17.07.2009 19.00 - 2.30
19.00 Жнюв
19.30 Тарпач
20.00 АДКРЫЦЦЁ ФЭСТЫВАЛЮ
20.10 SOK
20.45 BAN-ZHVIRBA
21.25 B:N
22.15 RIMA
23.05 ZERO-85
00.00 Зьніч
00.50 IQ48
1.40 Сцяна

СУБОТА 18.07.2009 17.00 - 2.30
Адмысловая праграма з нагоды юбілею
(выстава, запісы з ранейшых фестываляў)
17.00 Рахіс
17.35 Босае Сонца
18.15 ДзеціДзяцей
19.00 OSIMIRA
19.45 Палац
20.30 Крама + Бонда
21.30 LAO CHE
23.00 Нейра Дзюбель
23.50 ULIS
00.50 N.R.M. + Мроя

Лагатып "Басовішча-2009"
Афіцыйны сайт фэста: www.basowiszcza.org
Лога ўзята з www.generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі