На дошках ганьбы ў Оршы можна даведацца, дзе купіць самагонку

Але міліцыянеры кажуць, што гэта не рэклама, а лоўля “на жыўца” Міліцыя Віцебскай вобласці ў мэтах прафілактыкі ставіць дошкі ганьбы. На іх трапляюць алкаголікі і тыя, хто кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане. А ў Оршы на такіх дошках пад надпісам "Яны ганьбяць наш горад" можна даведацца імёны і адрасы людзей, якія гандлююць самагонкай.

Спачатку падобна на схаваную рэкламу, якой могуць скарыстацца нядобрасумленныя аматары спіртнога. Але начальнік следчага аддзела Аршанскага ГАЎС Сяргей Сідзін кажа, што такім чынам органы ўздзейнічаюць на сумленне самагоншчыкаў. І не спадзявайцеся, што купіць моцныя напоі па гэтых адрасах будзе так проста, — кажа міліцыянер.

"Гэта справа міліцыі, каб перакрыць туды дарогу. Калі мы ведаем, што там гандлююць спіртным, мы ж не зробім, каб там акенца не зачынялася. На гэтым акенцы мы паставім сеткі, каб туды траплялі тыя, хто жадае за наш рахунак — за рахунак падаткасплатнікаў, папоўніць свае запатрабаванні ў моцных напоях".

Добра, тут мы супакоіліся, але ж нас турбуюць і правы самагоншчыкаў. Няўжо ж гэта паводле закону — казаць усім пра тое, дзе яны жывуць, раскрываць імёны? Гэта ж умяшальніцтва ў асабістае жыццё!

"Калі гэтыя дзеянні забараняліся б не законам, а нормамі маралі — да прыкладу, мы б надрукавалі спісы асоб, якія не саступаюць месцы ў грамадскім транспарце. О! Вось гэта было б не законна, таму што ні ў адным кодэксе Рэспублікі Беларусь не гаворыцца пра тое, што трэба саступаць месцы ў аўтобусе", — знаходліва адказвае Сяргей Сідзін.



На дошкі ганьбы трапляюць толькі пакараныя судом. Да таго ж іншыя людзі бачаць, што здараецца з тымі, хто гандлюе самагонкай ці як інакш ганьбіць горад — і задумваюцца. Дошкі разлічаныя яшчэ і на тое, што іх пабачаць мясцовыя "аўтарытэты" — то бок, маральныя лідэры таго месца, дзе жывуць парушальнікі.

"І вось калі такі чалавек, чый аўтарытэт непарушны, ён — лідэр, ён падыдзе і скажа: "Што ж ты робіш, Кузьмоўна, га? Як табе не сорамна? Табе ўжо 70 гадоў, а ты нашых унукаў труціш!" Гэта часам больш дзейсна, чым яна атрымае 2 мільёны штрафу".

І колькі ўжо такіх "Кузьмоўнаў", па словах Сяргея Сідзіна, кінулі займацца сваімі чорнымі справамі!

І, натуральна ж, мы вырашылі знайсці гэтых "Кузьмоўнаў". Выявілася, што Лідзія Сямёнаўна (імя змененае — ЕРБ) з дошкі ганьбы наогул нічога не чула пра тое, што ганьбіць Оршу.

Лідзія Сямёнаўна: "Я ўвогуле ўпершыню чую пра гэтыя дошкі ганьбы".

А з Дзмітрыем Фёдаравым (імя змененае — ЕРБ) выйшла надта цікавая размова.

ЕРБ: Ці праўда, што вы прадаеце самагонку?

Дзмітрый Фёдараў: Раней прадаваў, а цяпер — не.

ЕРБ: А чулі вы пра дошку ганьбы?

Дзмітрый Фёдараў: А панастаўлялі тут, чорт з імі!

ЕРБ: Дык вы не супраць таго, што там ваш адрас?

Дзмітрый Фёдараў: Гэта парушэнне правоў чалавека — ставіць дошку ганьбы без маёй згоды. Гэта ніхто не мае права рабіць!

ЕРБ: А ці не шкодзіць вам гэтая дошка, ці не маеце вы праз яе праблем?

Дзмітрый Фёдараў: Якія ў мяне праблемы? Дошка ж у Оршы стаіць, а я жыву ў Барані пад Оршай.

ЕРБ: Усё ж цікава, колькі каштаваў у вас літр самагонкі?

Дзмітрый Фёдараў: Цікава? Прыходзь з грашыма — я табе прадам.

Спадзяемся, што ў іншых раёнах Віцебскай вобласці дошкі ганьбы прынеслі яшчэ больш карысці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі