На Алімпіядзе ў Рыа выступіць зборная ўцекачоў

На Алімпіядзе ў Рыа выступіць зборная ўцекачоў

У Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у жніўні ў Рыа-дэ-Жанейра, паўдзельнічае зборная ўцекачоў. Такое рашэнне было зацверджанае выканкамам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК).

Зборная атрымае назву “Каманда алімпійскіх спартсменаў-уцекачоў”. Для яе ўжо знайшлі 43 бежанцаў, якія не могуць выступаць пад сцягамі сваіх краін. 

На цырымоніі адкрыцця каманда ўцекачоў пойдзе пасля краіны-гаспадыні — Бразіліі. Бежанцы будуць выступаць пад алімпійскім сцягам і зладзяць уласную цырымонію яго падняцця. Калі спартсмены гэтай зборнай заваююць залаты медаль, на стадыёне будзе гучаць алімпійскі гімн.

МАК паведамляе, што дасць камандзе ўласную форму і ўсё неабходнае для спаборніцтваў.

“Вітаючы гэту каманду, якая выступіць на Алімпійскіх гульнях у Рыа, мы хочам накіраваць пасланне ўсім уцекачам ва ўсім свеце. Спартсмены гэтай каманды, як і астатнія 11 тысяч алімпійцаў з 206 алімпійскіх камітэтаў, будуць жыць у Алімпійскай вёсцы”, — цытуе словы кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха газета The Sun.

Удзельнікі “Каманды алімпійскіх спартсменаў-уцекачоў” ужо абраныя. Усе яны маюць афіцыйны статус бежанца ад ААН. Наколькі вядома, сярод іх сірыйская плыўчыха, якая цяпер знаходзіцца ў Германіі, кангалезскі дзюдаіст, які жыве ў Бразіліі, а таксама таэквандыст з Ірана, які пражывае ў Бельгіі.

Нагадаем, летнія Алімпійскія гульні пройдуць сёлета ў Рыа-дэ-Жанейра з 5 да 21 жніўня. Гэта будуць першыя Гульні ў Паўднёвай Амерыцы за ўсю гісторыю. На іх разыграюць рэкордную колькасць камплектаў медалёў — 306, а ўдзел возьме рэкордная колькасць краін — 206, у тым ліку ўпершыню Косава і Паўднёвы Судан.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі