Вы тут

"МК": Братняя любоў беларусаў да Расіі — міф, моладзь кажа "Рашка"

Фота: pixabay.com

Дарогі ў Беларусі і прадукты ўжо не нашмат лепш, чым у Расіі. Дый Расію тут не вельмі любяць. Пра гэта піша газета "Московский комсомолец" у сваім уладзімірскім выпуску. 

Аўтар артыкула Аляксандр Сарокін вырашыў развеяць міфы, якія існуюць у Расіі наконт Беларусі. Як вынікае з тэксту, параўноўваў ён Уладзімір з Гомелем, абодва гарады — абласныя. 

Заробкі ў Беларусі невысокія, таму шмат хто едзе працаваць у суседнія краіны: Польшчу ці Расію, — тлумачыць аўтар тым, хто захапляецца беларускай сітуацыяй. 

Пад крытыку Сарокіна трапіла якасць беларускага харчавання, якое лічыцца лепшым за расійскае. "Улетку гэтага года, выбіраючы згушчонку ў буйной краме Гомеля, звярнуў увагу, што і тут ужо ёсць прадукцыя з заменнікам малочнага тлушчу. Сапраўдная ж згушчонка каштуе прыкладна як і ва Уладзіміры. Вось вараная згушчонка апынулася сапраўды таннейшай. Беларуская "Ягорка" каштавала рублёў 60, у той час як у Расіі без заменніка малочнага тлушчу такая ж бляшанка ідзе каля сотні", — піша аўтар. 

Прэтэнзіі выклікала ў яго і тушаніна беларускай вытворчасці: "Аглядаючы паліцу слоікаў ялавічнай тушонкі, знайшоў толькі два ўзоры, якія былі сапраўды вырабленыя паводле ДАСТ. "Ялавічына тушаная". З добрым утрыманнем мяса — не менш за 90%. І не менш добрай цаной. Усё астатняе — як у нашых пенатах". 

Але кандытарскія вырабы ў пераважнай большасці, кажа ўладзімірац, сапраўды смачнейшыя за расійскія. 

Не спадабаліся Сарокіну і дарогі ў Беларусі: маўляў, добрыя яны былі гадоў шэсць таму. "Гэтым летам, калі машыну стала адчувальна падкідаць на няроўна залатаным палатне, у выніку чаго дзіця хутка ўгайдала, я не зразумеў асаблівай розніцы з расійскімі дарогамі", — піша ён. 

Не заўважыў ён і вялікага добраўпарадкавання тэрыторыі. Многія дзіцячыя пляцоўкі не рамантаваліся з васьмідзясятых. "Тое, што і з добраўпарадкаваннем швах, я зразумеў, калі апушчаная мной у сметніцу бутэлька з-пад квасу вывалілася на асфальт. Як высветлілася, дно сметніцы праржавела наскрозь", — канстатуе Сарокін.

Міфам выявілася і гарачая братняя любоў беларусаў да расіян, заяўляе аўтар. "Нельга не адзначыць і стаўленне беларусаў да расіян. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню аб феерычнай братэрскай любові, яно ўсё-такі даволі стрыманае. Самі па сабе беларусы, у большасці сваёй, добразычлівыя і ўсмешлівыя практычна да любога суразмоўцы і спадарожніка. Але вось прызнаваць выключную і асаблівую ролю нашай дзяржавы неяк не асабліва гараць жаданнем. Асабліва моладзь. З вуснаў моладзі можна пачуць напаўпагардлівае "Рашка". Не, да падзей на Украіне гэта дачынення не мае, супакойцеся. Проста ўсім зразумела, што эканоміка Беларусі шмат у чым залежыць ад рускіх грошай, а прызнаваць сваю залежнасць, паверце, не вельмі-та прыемна", — тлумачыць журналіст.

Словам, калі і ехаць у Беларусь, дык толькі госцем, канстатуе Сарокін.