Мінздароўя прыдумала, як перамагчы завышэнне цэн пры закупках медтэхнікі

Уладзімір Каранік / tvr.by
Уладзімір Каранік / tvr.by

У Беларусі ўсе закупкі, якія тычацца аховы здароўя, з платформы ГИАС будуць выгружацца на асобны сервер, дзе будзе разгорнутая аўтаматычная сістэма кантролю абгрунтаванасці цаны. З яе дапамогай Міністэрства аховы здароўя разлічвае справіцца з завышэннем цэнаў пастаўшчыкамі ў Беларусь медабсталявання і запасных частак да яго. Пра гэта, як перадае карэспандэнт Еўрарадыё, 2 кастрычніка ў парламенце паведаміў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Уладзімір Каранік.

"Нам ставілі ў папрок, што параўноўваем з цэнамі "Белмедтэхнікі", якія многія самі былі завышаныя. Таму мы працуем над тэхнічным заданнем на распрацоўку сістэмы, якая аўтаматычна будзе шукаць адпаведнасці не толькі ў архіўных цэнах "Белмедтэхнікі", але і ў інтэрнэце ў адкрытым доступе. І супастаўляць, наколькі гэтыя цэны адэкватныя", — расказаў міністр.

Паралельна Міністэрства аховы здароўя дамовілася падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве з двума сусветна вядомымі вытворцамі медыцынскага абсталявання. Абсалютная большасць выкарыстоўванай у Беларусі медыцынскага абсталявання вырабленая гэтымі дзвюма кампаніямі. "Яны дадуць нам цэны вытворцы па ўсёй лінейцы свайго абсталявання і запасных частак. Мы будзем бачыць цэны завода. Гэта значыць, у гэтай сітуацыі завысіць цэны ўжо не атрымаецца, таму што мы будзем ведаць узровень рэальных цэн", — заявіў Каранік.

Яшчэ адна навіна: пастаўшчыкі медабсталявання пры падачы прапаноў на ўдзел у дзяржзакупках павінныя будуць падаваць каталогавыя нумары вытворцаў. "Каб мы маглі ў аўтаматычным рэжыме параўноўваць узровень цэн у нас і ў суседніх краінах, — растлумачыў міністр. — Назваць [абсталяванне] пры перакладзе з англійскай, з нямецкай мовы можна некарэктна, і сістэма не супаставіць, што гэта аднатыпныя пазіцыі. А калі ёсць каталогавы нумар вытворцы, ніякіх праблем зразумець, што гэта адно і тое ж, ужо не будзе", — сказаў міністр.

Сістэма ГИАС ужо працуе. Тэхнічна арганізаваць выгрузку з яе дадзеных аб медыцынскіх закупках на асобны сервер, па словах Караніка, рэальна ўжо да канца гэтага года.

"Цяпер нам трэба выбраць распрацоўніка новай сістэмы параўнання. Спадзяюся, у агляднай будучыні яна запрацуе. Вы ведаеце, прывідная пагроза — яна самая страшная. Многія ўжо разумеюць, што сістэма кантролю будзе, таму па многіх пазіцыях ужо ідзе зніжэнне цэн", — дадаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Тэма завышаных цэн пры пастаўках медабсталявання ў Беларусь усплыла пасля антыкарупцыйных расследаванняў, апублікаваных у выданні "Ежедневник" у 2018 годзе. Тады высветлілася, што завадскія цэны пры пастаўках у Беларусь завышаліся ў некалькі разоў. Пасля публікацый за карупцыю пры дзяржзакупках па лініі Міністэрства аховы здароўя былі арыштаваныя дзясяткі чалавек, у тым ліку работнікі і кіраўнікі "Белмедтэхнікі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі