Мінздароўя адмяняе нормы водпуску лекаў у беларускіх аптэках

Мінздароўя адмяняе нормы водпуску лекаў у беларускіх аптэках

У беларускіх аптэках плануецца адмяніць нормы водпуску безрэцэптурных лекаў. Яны застануцца толькі для спіртазмяшчальных настоек і перманганата калію. Пра гэта заявіла начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Мінздароўя Людміла Равуцкая.

"З пераліку сыходзіць норма водпуску. На працягу пяці гадоў яна дзейнічала — у рукі адпускаліся не больш за дзве ўпакоўкі лекавага сродку. Мы абмеркавалі і вырашылі, што гэтая норма не эфектыўная і неапраўданая. Яна застанецца толькі для некаторых пазіцый — настоек спіртазмяшчальных і перманганата калію", — перадае БЕЛТА словы спецыяліста. 

Равуцкая распавяла, што 16 чэрвеня скончылася грамадскае абмеркаванне пераліку. У Мінздароўя разгледзелі і абагульнілі ўсе прапановы. Бліжэйшымі днямі адбудзецца нарада, на якой падвядуць яго вынікі. Пасля гэтага дакумент адправіцца на юрыдычную экспертызу ў Мінюст.

Па словах Равуцкай, вельмі шмат заўваг і прапановаў паступіла ад вытворцаў — як айчынных, так і замежных. Таксама значную долю прапановаў агучылі прадстаўнікі медыцынскай і фармацэўтычнай грамадскасці. 

Прадстаўніца Мінздароўя падкрэсліла, што 60% лекаў застаюцца ў безрэцэптурным водпуску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі