Міністры Еўрасаюза: Мы не пакінем Беларусь!

Міністры замежных справаў Швецыі, Вялікабрытаніі, Польшчы і Нямеччыны Карл Більдт, Уільям Джеферсан Хейг, Радаслаў Сікорскі, Гіда Вестэрвэле змясцілі ў польскай "Газеце Выборчай" артыкул, у якім выказалі занепакоенасць лёсам беларускіх палітвязняў і палітыкай афіцыйнага Мінску. А таксама заявілі пра ўзмацненне падтрымкі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі.

Год таму прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка парушыў абяцанне, дадзенае свайму народу і міжнароднай супольнасці, распачаць лібералізацыю беларускай палітычнай сістэмы.Увечары 19 снежня 2010 г. мы бачылі, як спецыяльныя аддзяленні міліцыі акуратна разганялі мірных дэманстрантаў. Тыя пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў, на якіх зноў перамог Аляксандр Лукашэнка.

Перад гэтымі выбарамі да нас даходзілі пазітыўныя знакі, што нібы адносіны Лукашэнкі змяняюцца ў напрамку праўдзівага плюралізму і разумных еўрапейскіх стандартаў. Еўрапейскі саюз з задавальненнем прыняў гэтыя знакі, паказваючы ахвоту адкрыць новыя сферы супрацоўніцтва з Беларуссю, калі сітуацыя сапраўды зменіцца. Заўсёды нам трэба было і цяпер трэба толькі тое, каб Беларусь збудавала сваю будучыню на дэмакратыі, дабрабыце і бяспецы ды каб супрацоўнічала з Еўрасаюзам і іншымі суседзямі паводле агульных прынцыпаў.

Замест гэтага мы бачылі сотні непавінных людзей, якіх кідалі за краты, а дзесяткам з іх былі вынесеныя палітычныя прысуды на паказных судовых працэсах. Такая доля сустрэла між іншымі некаторых кандыдатаў у прэзідэнты, чыім адзіным злачынствам было саперніцтва з Лукашэнкам на выбарах. Надышоў час бязлітаснага цкавання прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці за тое, што яны адважыліся падвергнуць сумневу легітымнасць улады або прынамсі яе падыход да грамадзяніна. Моладзь выкідалі з ВНУ, звальнялі з працы, рабіўся ператрус у прыватных кватэрах, у няўрадавых арганізацый і незалежных СМІ канфіскавалі камп’ютары.

Не задаволіўшыся пераследам усіх палітычных сапернікаў, Лукашэнка нацэліўся на тых, хто спрабаваў бараніць прыгнечаных грамадзян. Паводле фіктыўнага абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, на чатыры з паловаю гады турмы ён асудзіў паважанага абаронцу правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

Гэтым Лукашэнка дадаў да свайго спісу чарговага палітычнага вязня. Потым ён змяніў закон так, каб максімальна абмежаваць і так ужо змарнелую прастору для палітычных дэбатаў і грамадзянскай дзейнасці.

Беларусь стала краінай, якой кіруе страх. Многія адважныя грамадзяне падвяргаюцца бесчалавечнаму абыходжанню ў турмах і папраўчых калоніях толькі таму, што яны не паддаліся ціску, каб “прызнацца” ў злачынствах, якіх не рабілі. Мы вельмі занепакоеныя лёсам усіх гэтых людзей: Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі і многіх іншых.


***Гэтая вульгарная і эгаістычная палітыка мае, вядома, глыбокія наступствы. Асноўная ўвага рэжыму была скіраваная на падаўленне любога супраціву; людзі, чыё рашэнне ў Беларусі самае важнейшае, забылася пра хворую эканоміку і не пачалі рабіць ніякіх спробаў, каб дабіцца гаспадарчага ўздыму. Вынікам гэтага з’яўляецца спіраль інфляцыі і рэзкай дэвальвацыі валюты, што рэзка пагаршае ўмовы жыцця грамадзян.

Страціўшы ўсялякае падабенства легітымнасці сваёй улады, Лукашэнка кінуўся абараняць эканамічныя пазіцыі рэжыму, прадаючы дзяржаўную маёмасць, што мела б падтрымаць цалкам захопленую дзяржавай, неэфектыўную гаспадарку. 2,5 мільярдаў долараў, атрыманых ад Расіі ў абмен на беларускія газаправоды, дапамогуць гаспадарцы трываць, але не доўга. Калі не будзе ніякіх фундаментальных рэформ – згодна з прагнозам МВФ – Беларусь не здолее вызваліцца ад кайданоў гіперінфляцыі.

 Разумная прыватызацыйная палітыка і падтрымка прыватнага прадпрымальніцтва – гэта два фактары, якія могуць мець найбольшае значэнне для стабілізацыі гаспадаркі. Але Лукашэнка не згаджаецца на гэта. Каля 70-і працэнтаў беларусаў працуе для дзяржавы, а большасць з іх – паводле дагавораў, дзеянне якіх трэба падаўжаць штогод. Гэта стварае магутную прыладу квазі-таталітарнага кантролю: калі хтосьці выражае хаця б крыху супраціву, адразу страчвае працу. Калі б беларускія фірмы функцыянавалі на нармальных умовах, Лукашэнка страціў бы ўладу над вялікай часткай грамадства. Страціў бы таксама кантроль над грамадскімі фінансамі, з якіх ён узнагароджвае эліты за паслухмянасць.

Перад абліччам бясконцых рэпрэсій Лукашэнкі супраць уласнага народу мы не можам паступаць інакш, як толькі ўзмацніць палітыку Еўрасаюза адносна Беларусі – як палітыку санкцый супраць прадстаўнікоў рэжыму, так і падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці.Мы будзем падтрымліваць больш жорсткія санкцыі супраць усіх асобаў, адказных за грубае парушэнне правоў чалавека і фінансаванне рэжыму.

Санкцыі гэтыя не будуць тычыцца звычайных грамадзян.

У той жа час ЕС павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі, што дазволіць абмінаць перашкоды, якія расстаўляе рэжым, і выражаць занепакоенасць сітуацыяй у краіне. Таксама мы павялічым нашу прыхільнасць да звычайных грамадзян, між іншым узмацняючы міжчалавечыя кантакты паміж нашымі краінамі.


*** Мы будзем імкнуцца паказаць шараговым беларусам альтэрнатыўны шлях развіцця для іх краіны. Мы прадставім яснае бачанне Беларусі ў Еўропе – Беларусі, якой не бракуе веры ў сябе, і якая з’яўляецца паважаным міжнародным партнёрам, які адыгрывае пазітыўную ролю ў справе бяспекі і дабрабыту ў рэгіёне.

Мэтай Еўрапейскага Саюза не з’яўляецца замена рэгіянальных сувязяў Беларусі на іншыя, а расшырэнне і дапаўненне існуючых ужо адносін. Мы павінны стварыць пакет саюзных дзеянняў, якія дапамогуць Беларусі паважаць правы чалавека і дамінаванне закону, як толькі яна ўступіць на шлях дэмакратызацыі. 

Пакуль мы будзем імкнуцца да пераадолення супраціву беларускага рэжыму ў дачыненні да поўнай амністыі і рэабілітацыі палітычных вязняў ды спробаў ізаляваць Беларусь ад Еўропы.Беларускі народ мае права вырашаць свой уласны лёс. Мы не спынімся ў стараннях, каб ён мог зрабіць вольны выбар.

Карл Більдт, Уільям Джеферсан Хейг, Радаслаў Сікорскі, Гіда Вестэрвэле


Больш… http://wyborcza.pl/1,86672,10839785,Unijni_ministrowie__Nie_zostawimy_Bialorusi__TYLKO.html#ixzz1iUE4c55Z

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі