Міністэрства гандлю сёння прыпыніла працу чатырох інтэрнэт-крамаў

Міністэрства гандлю Беларусі ў панядзелак прыпыніла працу яшчэ чатырох інтэрнэт-крамаў. "Яны знаходзіліся не на буйных інтэрнэт-пляцоўках. Выявіць іх нам дапамаглі грамадзяне, якія патэлефанавалі на гарачую лінію", — сказала ў каментары БЕЛТА намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч.

Паводле яе слоў, згаданыя інтэрнэт-крамы парушалі заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў. Высветлілася, што на сайце кошты на тавары былі пазначаныя не толькі ў беларускіх рублях, там не было поўнай інфармацыі пра прадаўца, вытворцу і імпарцёра. Адсутнічала і інфармацыя аб магчымасці разліку за тавар шляхам дыстанцыйнага пералічэння грашовых сродкаў, узораў дакументаў, якія пацвярджаюць факт рэалізацыі тавару .

Як вядома, у адпаведнасці з нядаўняй пастановай Саўміна, гэтыя правапарушэнні лічацца грубымі парушэннямі правілаў гандлю і цягнуць за сабой прыпыненне працы інтэрнэт-крамаў. Аднавіць працу яны змогуць 29 снежня, калі выправяць усе выяўленыя парушэнні.

Чыноўнікі папярэджваюць, што маніторынг працы інтэрнэт-крамаў праводзіцца штодня.

Нагадаем, 20 снежня Мінгандлю прыпыніў працу адразу 13 інтэрнэт-крамаў. А сайт onliner.by быў выключаны з беларускай даменнай зоны.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі