Вы тут

Міністэрства аховы здароўя патлумачыла, чаму прыпынена планавая меддапамога

У палаце, дзе ляжаць хворыя COVID-19 / t.me/minzdravbelarus​

Міністэрства аховы здароўя лічыць мэтазгодным "паставіць больш жорсткія рамкі" ў працы амбулаторна-паліклінічнага звяна з улікам эпідэмічнай сітуацыі. Пра гэта паведамляе міністэрства, каментуючы сваё рашэнне аб прыпыненні планавай меддапамогі ад 15 кастрычніка.

"Паліклінікі ў асноўным працуюць як чырвоныя зоны. Таму мы цяпер прыпыняем аказанне планавай медыцынскай дапамогі, каб засцерагчы здаровых людзей ад дадатковых рызык інфікавання", — распавялі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У Міністэрстве паведамілі, што буйныя аперацыі будуць праводзіцца без абмежаванняў. Напрыклад, для пацыентаў, якія былі запісаныя на замену суставаў.

Пры гэтым час працы КТ-кабінетаў у Мінску будзе павялічаны. Гэта дапаможа павысіць частату выяўлення і забяспечыць своечасовую шпіталізацыю і аказанне дапамогі пацыентам з COVID-19, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя. Дзякуючы вызваленню медыкаў ад планавай дапамогі стане больш кантактных брыгад на выездах.

Як паведамляла Еўрарадыё, рашэнне спыніць аказанне планавай меддапамогі ў "амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя" часовае. Гаворка ідзе аб правядзенні дыспансерызацыі, аказанні рэабілітацыйнай дапамогі, скрынінгавых мерапрыемствах, выкананні фізіятэрапеўтычных працэдур, лячэнні ў аддзяленнях дзённага знаходжання, а таксама аб аказанні планавай стаматалагічнай дапамогі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.