Міліцыя просіць балельшчыкаў прыходзіць на матч БАТЭ - "Ювентус" загадзя

Сёння ў Мінску на стадыёне "Дынама" адбудзецца матч групавога турніра Лігі чэмпіёнаў паміж барысаўскім БАТЭ і турынскім "Ювентусам". Пачатак у 21.45. Сталічная міліцыя заклікае балельшчыкаў прыходзіць на матч загадзя. Гэта выклікана тым, што будуць ужытыя традыцыйныя для матчаў такога ўзроўню меры бяспекі.  Вось што паведаміў Еўрарадыё начальнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі:

"Паколькі менавіта спіртное з'яўляецца першапрычынай канфліктаў і каталізатарам негатыўных эмоцый, на стадыён не будуць дапускацца грамадзяне, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, альбо з алкагольнымі напоямі, і півам у тым ліку. Дагляд грамадзян і іх рэчаў будзе здзяйсняцца з дапамогай металадэтэктараў".

Таксама на стадыён не прапусцяць балельшчыкаў з вялікімі сумкамі - іх давядзецца здаць у камеры захоўвання. Паводле словаў Ластоўскага, у адпаведнасці з патрабаваннямі рэгламента Лігі чэмпіёнаў, на стадыёне "Дынама" ўсталяваная сістэма відэанагляду, якая дазваляе назіраць абсалютна за ўсімі глядацкімі месцамі. 

Сталічная міліцыя заклікае балельшчыкаў пазбягаць канфліктаў і правакацый з боку фанатаў "Ювентуса". Аднак колькі апошніх прыедзе ў Мінск (а яны ўжо прыбываюць у беларускую сталіцу), у прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама пакуль адказаць не могуць.