Вы тут

Мікалаю Статкевічу не дазволілі спатканне з жонкай

Мікалай Статкевіч у судзе​ / sb.by

Палітвязню Мікалаю Статкевічу не дазволілі спатканне з жонкай. Пра гэта жонка палітыка Марына Адамовіч напісала ў Facebook.

Яна прасіла суд аб спатканні, але ёй у чарговы раз прыйшла адмова.

"Усё тое ж, што і раней, акрамя прозвішча суддзі",  — адзначае Марына Адамовіч. На працэсе па справе Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова змяніўся суддзя. Мікалай Бакуноў атрымаў новую пасаду. Далей справу ў судзе будзе разглядаць Мікалай Доля. Адмова прыйшла ўжо за яго подпісам.

Адмова на просьбу аб спатканні / facebook.com/marina.adamovich.3

Адначасова прыйшлі і два лісты ад Мікалая Стакевіча.

"Як заўсёды, лаканічна, ён выдаў шмат інфармацыі, якая мяне больш за ўсё хвалявала", — піша Марына Адамовіч. Паводле яе слоў, яна вельмі хвалявалася, што з прызначэннем новага суддзі справу могуць пачаць разглядаць зноўку. Такое развіццё падзей не выключалі і праваабаронцы.

Але Статкевіч супакойвае: "не хвалюйся — "дублёр" сядзеў першапачаткова". Ён таксама пацвердзіў, што не ўдзельнічае ў судовым працэсе. Мікалай Статкевіч гэтага дамагаўся, і цяпер яго не прывозяць на пасяджэнні.

Суд над ім і іншымі ўдзельнікамі працэсу праходзіць у закрытым рэжыме. Статкевіча, а таксама Ціханоўскага, Лосіка, Цыгановіча, Сакава і Папова абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.