Мікалай Статкевіч анансаваў выхад зборніка турэмных эсэ
Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч анансаваў выхад зборніка сваіх турэмных эсэ. Пра гэта экс-палітвязень паведаміў у сваім тэлеграм-канале.
Статкевіч кажа, што працаваў над тэкстамі пераважна ў 2023 годзе ў ШІЗА, а пасля выхаду з ізалятара запісаў іх. Рукапісы адабралі ў СІЗА КДБ, калі Статкевіча разам з іншымі палітвязнямі хацелі выслаць за межы Беларусі. Аднак ён змог аднавіць іх па памяці.
Эсэ, як піша Статкевіч, прысвечаныя пераважна "выбару чалавекам спосабу сваіх паводзін у складанай сітуацыі і ўвогуле ў жыцці".
Статкевіча ў 2021 годзе асудзілі на 14 гадоў калоніі. У верасні 2025-га яго разам з групай іншых палітвязняў вызвалілі і везлі ў Літву, але на мяжы ён выйшаў з аўтобуса, пасля чаго яго зноў затрымалі і вярнулі за краты. У лютым 2026-га Статкевіча адпусцілі дадому пасля інсульту, перанесенага ў зняволенні. Аднак даведкі аб вызваленні яму не аддалі, таму ён не можа нават аформіць сабе пенсію.