Мікалай Снапкоў: Галоўны эксперт па эканоміцы — прэзідэнт

У Беларусі шмат эканамістаў, якія ўвесь час выступаюць з рознага кшталту меркаваннямі і прагнозамі. Журналіст Еўрарадыё запытаўся ў міністра эканомікі Мікалая Снапкова, на каго з іх ён звяртае ўвагу і каму давярае.





“Калі кажуць пра экспертаў, дык лепш за ўсё слухайце сябе і рабіце высновы, зыходзячы са сваіх адчуванняў і свайго бачання, — заяўляе Снапкоў. — Калі казаць увогуле, дык мы народ, жывем у Беларусі. Таму трэба слухаць свайго лідара — прэзідэнта! Я гэта кажу абсалютна сур’ёзна. У яго другая вышэйшая адукацыя — эканамічная. Больш за тое: ён вельмі прасунуты эканаміст, бо ён пры гэтым яшчэ і гісторык! Усё эканамічнае ён пераламляе на практыкі, што склаліся ў гістарычным аспекце. Таму, фактычна, прэзідэнт з’яўляецца геапалітычным эканамістам, я б сказаў так”.





Міністр працягнуў, што калі чалавек не з’яўляецца эканамістам, дык яму і не варта “замарочвацца” пытаннямі эканомікі: “Жывіце, выдаткоўвайце грошы з розумам, вандруйце. Калі ёсць нейкая ініцыятыва — адкрыйце бізнэс ці майстэрню. Жывіце і радуйцеся жыццю. Навошта думаць пра тое, пра што, на маю думку (вяртаючыся да пытання “Каго слухаць?”) зашмат кан’юнктуршчыны, папулізму і, як бы гэта сказаць, надзімання шчок”.





Фота — economy.gov.by