Мезенцаў афіцыйна стаў амбасадарам Расіі ў Беларусі

Мезенцаў афіцыйна стаў амбасадарам Расіі ў Беларусі

Дзмітрый Мезенцаў 3 чэрвеня афіцыйна стаў амбасадарам Расіі ў Беларусі. З гэтай нагоды дыпламат даў інтэрв'ю расійскай газеце "Известия". 

У сваім інтэрв'ю Мезенцаў заклікаў не шукаць чорную котку ў беларуска-расійскіх адносінах. У дыпламата пацікавіліся, як ён ацэньвае прэтэнзіі Масквы да шэрых схем рээкспарту нафтапрадуктаў з Беларусі ды прэтэнзіі Мінска наконт падатковага манеўру ў Расіі. "Лічу, што на ўсе пытанні аператыўнага, тактычнага плана ў эканамічным жыцці — у сістэме адносін міністэрстваў, ведамстваў і прадстаўнікоў бізнесу — трэба глядзець праз прызму стратэгічнага ўзаемадзеяння. І тады многія пытанні будуць вырашацца значна хутчэй і лягчэй, чым яны часам вырашаюцца цяпер", — адказаў амбасадар.

Адным з першых мерапрыемстваў, якія Мезенцаў правядзе ў Беларусі, стане святкаванне Дня Расіі. З гэтай нагоды ў Мінску адбудуцца канцэрты на дзвюх пляцоўках. "Упэўнены, запамінальнымі для мінчукоў, для гасцей горада будуць выступы хору Міхаіла Турэцкага, чакае беларускую публіку ўнікальная музыка Ігара Бутмана, песні Ларысы Долінай, чакаем вялікую колькасць танцавальных калектываў і харавых ансамбляў з расійскіх рэгіёнаў, Ансамбль песні і танца Заходняй ваеннай акругі Міністэрства абароны Расіі. Нельга абысціся без эмоцый, што выклікаюць танцоры з Дагестана і Башкартастана", — анансаваў ён будучую канцэртную праграму. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі