Мэры Блайдж замахнулася на Led Zeppelin

Зорка рытм-н-блюзу Мэры Джэй Блайдж (Mary J. Blige) прадэманстравала сваю любоў да класікі цяжкага року, запісаўшы новую версію знакамітай “Stairway To Heaven” гурта Led Zeppelin.  Для гэтага спявачка сабрала ў студыі сапраўдны супергурт. Да яе далучыліся бубнач Blink-182 Трэвіс Баркер, былая ўдзельніца гастрольнага гурта Майкла Джэксана, гітарыстка і вакалістка Арыянці (Orianthi) і гітарны маэстра Стыў Вай (Steve Vai).

Паводле словаў поп-спявачкі “Гэта песня не такая і складаная, як можа падавацца. Яна пабудаваная на чыстай эмоцыі. І калі ты губляеш нітку падчас выканання, можна проста крычаць ва ўсю моц сваіх лёгкіх. Галоўнае тут – твае пачуцці і эмоцыі”.

Перапеўка “Stairway To Heaven” будзе выдадзеная ў якасці бонус-трэка да перавыдання апошняга альбома Мэры Джэй Блайдж “Stronger With Each Tear” (2009).

Сама спявачка не збіраецца абмяжоўвацца выкананнем кавер-версіі. Паводле словаў Мэры, яна марыць запісаць дуэт з Робертам Плантам (Robert Plant) і лепшай песняй для гэтага лічыць “Whole Lotta Love”.

Фота: devendo1981musicmovies.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі