Масква дамагаецца пастаяннай вайсковай прысутнасці ў Чэхіі і Польшчы

Шэф расійскага МЗС Сяргей Лаўроў пацвердзіў, што Масква будзе дамагацца пастаяннай прысутнасці сваіх афіцэраў на антыракетнай базе ЗША ў Чэхіі і Польшчы.  – Для нас важная пастаянная прысутнасць на гэтых аб’ектах, каб мы кожную секунду ведалі, што радар не адсочвае нашу тэрыторыю, а ракеты-перахопніцы нам не пагражаюць, -- заявіў Лаўроў, якога цытуе блізкая да Крамля “Камсамольская праўда”. Праблемы размяшчэння элементаў шчыта ў Еўропе – галоўная тэма польска-расійскіх перамоваў, якія праходзяць 8 красавіка ў Маскве. Расея выказвае засцярогу, што сістэма пагражае яе бяспецы. Каб развеяць яе занепакоенасць, ЗША прапануе інспекцыі расійскіх афіцэраў на базах, але са згоды Польшчы і Чэхіі. Польшча і Чэхія згодныя на інспектаванне, але рашуча запярэчылі супраць сталай вайсковай прысутнасці Расіі на сваіх тэрыторыях. “Гэта ўжо было, і гэта не паўторыцца” – заявіў, у прыватнасці, прадстаўнік Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

gazeta.pl