Манаеў: Беларусаў апанавала расчараванне ад няспраўджаных надзей

Еўрарадыё: Ці не маглі б вы падсумаваць што змянілася ў грамадстве цягам 2013 года?

Алег Манаеў: Па шчырасці, сказаць нешта адназначна складана — вельмі розныя тэндэнцыі былі. Да прыкладу, што тычыцца адносінаў беларусаў да ўладаў. Па шырокім спектры — ці то рэйтынг прэзідэнта, ці то давер да інстытутаў улады. У першай палове года гэтыя паказчыкі павялічваліся, а цягам апошняга квартала гэтыя паказчыкі вельмі рэзка знізіліся практычна па ўсіх параметрах. Але калі паспрабаваць адказаць на ваша пытанне адным сказам, то прагучыць гэта так: надзеі беларусаў на паляпшэнне становішча ўнутры краіны, якія былі ў першай палове года, яны не пацвердзіліся бліжэй да канца года і назіраецца расчараванне, як гэта было ў 2011 годзе.

Еўрарадыё: Год таму мы з вамі аналізавалі вынікі такога ж апытання — за 2012 год. Летась больш за 46% апытаных выказаліся за тое, што “стан рэчаў у нашай краіне развіваецца ў няправільным накірунку”. Зараз такіх песімістаў паболела 54,1% апытаных. Што, на ваш погляд, стаіць за гэтымі лічбамі?

Алег Манаеў: Тое, што надзеі насельніцтва краіны на стабільнае паляпшэнне свайго становішча, якія ў людзей былі цягам большай часткі 2013 года, не спраўдзіліся. Але казаць, як гэты паказчык будзе выглядаць у далейшым, я не бяруся.

Еўрарадыё: Ці паўплывае павелічэнне колькасці гэтых песімістаў, якую мы маем зараз, на рост “пратэстных настрояў” у грамадстве?

Алег Манаеў: Тут трэба глядзець не толькі на лічбы, на гэтую розніцу ў 8 адсоткаў. Як бы я сам ні паважаў сацыялогію і ў тым ліку апытанні для вывучэння грамадскай думкі, але я выдатна разумею, што грамадская думка, і так было ва ўсе часы і ў любой краіне, хутчэй, паказвае больш глыбокія працэсы, якія ідуць ў грамадстве. Дарэчы, апытанне, пра якое мы кажам, праводзілася да таго, як Беларусь атрымала ад Расіі 2-мільярдны крэдыт і заключыла газавыя кантракты. А на такія рэчы трэба заўжды зважаць. Калі мы абстрагуемся ад аб’ектыўных працэсаў, што адбываюцца ў эканоміцы, у фінансавай сферы, палітыцы і гэтак далей і будзем глядзець толькі на лічбы, то тады сапраўды можна сказаць: “Калі ў 2012 годзе лічба была такая, у 2013 — такая, то, значыцца, мы можам дадаць 4-5% і атрымаць тую лічбу, якую будзем мець у 2014 годзе”. Але менавіта так думаць нельга. Бо пастаянна ўзнікаюць нейкія новыя фактары альбо ў самой сістэме, альбо ў тым, што з гэтай сістэмай узаемадзейнічае. У дадзеным выпадку вы бачыце, як хутка Расія зрэагавала на сітуацыю ва Украіне, настроі ў Беларусі. І тут я магу зрабіць асцярожны прагноз: наступнае апытанне, якое зробяць у сакавіку, не дасць такога імклівага росту песімізму, якое мы назіраем у канцы 2013 года.

Еўрарадыё: Летась на пытанне: “Пасля сыходу Лукашэнкі жыццё палепшыцца ці пагоршыцца?” — 24,5% адказалі, што палепшыцца, і 25,9% што пагоршыцца…

Алег Манаеў: У апытанні цяперашнім сітуацыя хоць і крыху, але змянілася. Зараз 25% апытаных лічыць, што калі Лукашэнка сыдзе, то будзе лепш, супраць 21% тых, хто лічыць, што ад яго сыходу будзе горш. Але заўважце: кажам мы пра матэрыяльнае становішча, пра перспектывы развіцця краіны, эканамічны стан, адносіны да Лукашэнкі, яго рэйтынг — усе гэтыя лічбы ўзаемазвязаныя. Няма такога, што мы назіраем адну тэндэнцыю і раптам “бах!” — нешта адна разбураецца. Калі такое здараецца, то гэта, хутчэй, сведчыць пра тое, што не вельмі добра былі пытанні сфармуляваныя, не дакладна дадзеныя сабраныя, апрацаваныя. У гэтым апытанні такіх “абвалаў” няма, усе лічбы адна другую пацвярджаюць. І сведчаць пра тое, што мы бачым у людзей расчараванне ад няспраўджаных надзей.

Еўрарадыё: Сёлета мы маем, што колькасць тых, хто давярае Лукашэнку, ніжэйшая за колькасць тых, хто яму не давярае, — 37% супраць 47%. Эксперты НІСЭПД кажуць, што такое адбываецца ўпершыню і называюць розніцу ў 10% значнай. А вы яе значнай лічыце?

Алег Манаеў: Безумоўна, гэта — значная лічба і значная характарыстыка. Як значнымі я лічу і ўсе астатнія характарыстыкі, якія ўказаныя ў апытанні. Усе яны сведчаць пра нарастанне крытычнага настрою, расчараванні сярод людзей. Але я падкрэсліваю, што мы не мусім адрывацца ад тых паралельных працэсаў, якія адбываюцца ў эканоміцы, сацыяльнай ды іншых сферах. У дадзеным выпадку гэта — падтрымка Расіяй беларускіх уладаў з дапамогай фінансавых прэферэнцый. І гэта пастаянна “мушку” збівае. Калі вы ў мяне спытаецеся, ці будзе гэта розніца ў лічбах даверу Лукашэнку і далей расці, то я адкажу, што так, будзе. Але абвалу не будзе і сітуацыя такая будзе цягнуцца яшчэ… пэўны час.

Еўрарадыё: Гэта на Захадзе палітыкі за сэрца хапаюцца з-за падзення рэйтынгу на некалькі адсоткаў — у нас жа, атрымліваецца, з гэтай нагоды Лукашэнка і яго каманда могуць асабліва не хвалявацца?

Алег Манаеў: Пытанне закранае не толькі фактар знешняй падтрымкі ўлады з боку Расіі ці яшчэ каго, але і прыроды беларускай грамадскай свядомасці, беларускага менталітэту ў параўнанні, да прыкладу, з польскім, грузінскім. Сапраўды, у большасці краін свету ў тым выпадку, калі, да прыкладу, абвальваецца эканамічнае становішча ці пагаршаецца крымінагенная сітуацыя, то гэта непазбежна прыводзіць да зніжэння рэйтынгу ўладаў. Што ў сваю чаргу рана ці позна прыводзіць да перавыбараў і да змены тых людзей, на якія грамадства ўскладае адказнасць на тое, што адбылося. У нас такога не адбываецца. Бо працэс змены ўлады ў выніку незадаволенасці людзей праз выбары… замарожаны. І каб гэта адбылося, то ад беларусаў патрабуюцца дадатковыя высілкі. Каб іх незадаволенасць, іх жаданне зменаў і лепшага жыцця прывяло да нейкіх вынікаў. І гэтыя дадатковыя высілкі абумоўліваюць новыя ахвяры. Размова не пра жыццё-смерць, а пра нейкія страты з-за, да прыкладу, выхаду на Плошчу — кагосьці звольняць, па галаве дадуць, арыштуюць, бізнес забяруць. Гатовы народ да такіх ахвяр? Калі адказваць шчыра — не, не гатовы.

Еўрарадыё: У параўнанні з леташнім аналізам назіраецца пастаяннае зніжэнне і рэйтынгу апазіцыі. А ім трэба непакоіцца з гэтай нагоды?

Алег Манаеў: Не асабліва хачу разважаць на гэтую тэму, бо стаўленне маё і да апазіцыі, і да асобных яе лідараў, як і большасці беларусаў, крытычнае. Тым не менш з апытання бачна, што ёсць асобныя лідары, гаворка ідзе канкрэтна пра лідара кампаніі “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева, рэйтынг якога вырас ў параўнанні з мінулым годам на некалькі адсоткаў — да 7%. А ў таго ж Лябедзькі — 0,7%. І справа тут не ў тым, што Някляеў піша вершы, а Лябедзька — публіцыстыку. Прычына, відаць, у тым, што стратэгія “Гавары праўду” накіраваная на нейкае ўзаемадзеянне з нейкай часткай народа. Выснова: чым больш апазіцыя паварочваецца тварам да народа, незалежна ад таго, які гэта твар, тым большыя шанцы на поспех. А гэтага мы амаль не назіраем. Пра што і сведчаць лічбы апошняга апытання.

Еўрарадыё: Ужо шмат гадоў НІСЭПД вывучае грамадскую думку, праводзіць сацыялагічныя апытанні — да іх нехта “прыслухоўваецца”? Тая ж улада ці апазіцыя?

Алег Манаеў: Спецы ва ўладзе, безумоўна, вывучаюць ўсе прыведзеныя ў гэтых даследаваннях лічбы. Да прыкладу, глядзіцца, што столькі апытаных супраць увядзення такога вось падатку. Што ўлада ў такіх выпадках робіць? Выклікае да сябе адказнага чыноўніка і кажа: “Бачыце гэтыя лічбы? Паколькі мы закон мяняць не будзем, дый прэзідэнт яго ўжо падпісаў, то трэба правесці нейкую інфармацыйную кампанію, каб напружанне збіць”. Ці, да прыкладу, прадстаўніку Мінфіна загадаюць, каб у звязку з незадаволенасцю людзей “аўтамабільным падаткам” разгледзець магчымасць нейкай кампенсацыі. Такім чынам улады на гэтыя апытанні і гэтыя лічбы рэагавалі заўжды. Што тычыцца рэакцыі апазіцыі, большая яе частка ніяк на гэтыя лічбы і звесткі не будзе рэагаваць.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі