Маладое бабіна лета будзе гаспадарыць у Беларусі да выходных

На бягучым тыдні ў Беларусі будзе гаспадарыць маладое бабіна лета. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на галоўнага сіноптыка Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольгу Фядотаву. У першыя дні каляндарнай восені прырода пацешыць нас цёплымі пагоднымі днямі. Тэмпература паветра, за выключэннем выходных, будзе на 2-4 градусы вышэй за кліматычную норму.

У аўторак і сераду тэмпература паветра ўначы будзе 5-12 градусаў цеплыні. У першы вераснёўскі дзень яна складзе плюс 19-25 градусаў, 2 верасня — 21-27 са знакам "плюс". У ранішні час дзе-нідзе магчымыя туманы. У чацвер, 3 верасня, захаваецца пераважна цёплае і без ападкаў надвор'е. Уначы будзе 9-15 градусаў цеплыні, удзень — плюс 23-28 градусаў.

У пятніцу да заходніх раёнаў Беларусі падыдзе атмасферны фронт, які прынясе кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. Але цеплыня яшчэ захаваецца: удзень паветра прагрэецца да 22-28 градусаў, а ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях — да 30 градусаў.

У выходныя дні атлантычны цыклон зменіць характар надвор'я ў нашай краіне. У суботу ўначы па заходняй палове Беларусі, а ўдзень на большай частцы краіны чакаюцца дажджы, месцамі з навальніцамі. Дзённая тэмпература на поўдні складзе плюс 18-25 градусаў, і толькі на паўднёвым усходзе яшчэ будзе 28 градусаў цеплыні. У нядзелю таксама пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўдзень не перавысіць 17-24 градусы цеплыні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі