Маці збітага навучэнца СПТВ: Тэлефон у сына забралі, ляжыць у пакоі пад аховай

Маці збітага навучэнца СПТВ: Тэлефон у сына забралі, ляжыць у пакоі пад аховай

15 снежня Андрэя, для якога ўцёкі з магілёўскай спецвучэльні закрытага тыпу №2 скончыліся траўмай пазваночніка, вярнулі са шпіталя ў вучэльню. Па словах маці хлопца Алены Шчаўлікавай, яе сына паклалі ў “бацькоўскім пакоі”, папярэдне забраўшы тэлефон. Нікому з навучэнцаў не дазваляюць наведваць хлопца. Маці прасіла даць Андрэю магчымасць далячыцца дома, але гэтую просьбу не задаволілі.

Алена Шчаўлікава: “Ён па рашэнні суда накіраваны ў СПТВ на выпраўленне, і дамоў яго ніхто не адпусціць ― дактары не далі такога заключэння, на падставе якога яго маглі б накіраваць дахаты. Маўляў, ён можа хадзіць, за ім не патрэбны дагляд. Але што будзе далей ― праз месяц, калі здымуць гіпс? Бо тады яму будзе патрэбная рэабілітацыя, трэба будзе штодня рабіць масаж, распрацоўваць спіну. Будуць яго вазіць на працэдуры? А зараз ён у гіпсе, а на ноч, калі баліць спіна, яму даюць лекі, што боль здымаюць”.

У пакоі разам з Андрэем, кажа маці, пастаянна знаходзіцца ахоўнік, супрацоўнік адміністрацыі СПТВ.

Алена Шчаўлікава: “Я была ў яго 22 снежня раніцай, але ён нічога мне не мог расказаць ― ахоўнік пастаянна побач. Разам са мной у пакой да сына зайшла намеснік дырэктара па выхаваўчай працы і яшчэ нейкі мужчына ― таксама, відаць, нейкі намеснік дырэктара. Галоўнае, што гэтым разам у мяне на прахадной тэлефон забралі, хоць мінулы раз я з тэлефонам у яго была ў пакоі”.

Нагадаем, 26 лістапада шасцёра выхаванцаў уцяклі з магілёўскай спецвучэльні закрытага тыпу №2. Іх затрымалі праз тры гадзіны, а яшчэ праз дзень адзін з уцекачоў, Андрэй, апынуўся ў бальніцы са зламаным пазваночнікам. Па словах хлопца, яго збівалі тры супрацоўнікі адміністрацыі СПТВ ― спрабавалі даведацца імя арганізатара ўцёкаў. Тады яму, нібыта, і зламалі першы пазванок паяснічнага аддзела.

На фота ― Алена Шчаўлікава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі