“Людзі падпісваюцца і за бясплатную медыцыну, і за два тэрміны прэзідэнта”

Кандыдаты ад “Народнага рэферэндуму” сабралі 5 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне на мясцовых выбарах, а разам з гэтым збіраюць подпісы на рэферэндум. З прапановай найперш падпісацца пад рэферэндумам ходзяць па кватэрах патэнцыйныя кандыдаты ў мясцовыя дэпутаты ад Партыі БНФ, кампаніі “Гавары праўду”, Руху “За свабоду”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) ды іншыя. У той час як патрабаванні “Народнага рэферэндуму” — агульнарэспубліканскія. Наколькі гэта цікава выбаршчыкам?





Юрась Губарэвіч: “Калі людзі закранаюць пытанні мясцовай праблематыкі: дрэнныя дарогі, што высякаюць паркі, што дрэнная вада — у нас ёсць адказ: выбары мясцовай улады, непасрэдныя выбары мэраў. Калі гэта ўлада будзе вам падсправаздачная, то вы зможаце яе кантраляваць і ў гэтых усіх пытаннях, яна будзе рабіць гэта на вашу карысць”.



Нагадаю, ініцыятары прапануюць вынесці на рэферэндум шэсць пытанняў: ад неабходнасці бясплатных паслуг ва ўстановах адукацыі і здароўя і неабходнасці абрання галасаваннем мэраў і губернатараў да абмежавання прэзідэнцтва двума тэрмінамі і інтэграцыі ў ЕС. Ці ўсе яны даспадобы шараговым беларусам?



Андрэй Дзмітрыеў: “Бывае, што чалавек кажа: “Бясплатная медыцына і адукацыі — мне гэтага дастаткова, падпісваюся!”, — а часам толькі чуюць пра два тэрміны прэзідэнта і адказу кажуць: “Во, мне гэтага хопіць — падпісваюся!”



Калі збяруць 50 тысяч подпісаў, будуць перадаваць дэпутатам, каб яны ініцыявалі правядзенне рэферэндуму. Але ці будзе з гэтага сэнс — генерал Валеры Фралоў, які прадстаўляе БСДП “Грамада”, сумняваецца.



Валеры Фралоў: “Я быў дэпутатам і выдатна ведаю, што водгуку там гэта ініцыятыва не знойдзе. Але хаця б людзі даведаюцца, што дэпутатам іх праблемы да лямпачкі — сядзяць там і займаюцца не зразумела чым”.



Паводле слоў старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, піяр-кампанія “Народнага рэферэндуму” распісана на год наперад да… прэзідэнцкіх выбараў.



Аляксей Янукевіч: “У лютым і сакавіку будзем канцэнтравацца на пытанні беспасрэднага выбару мясцовых кіраўнікоў, а ў апошні месяц года і ў першы месяц наступнага мы будзем канцэнтравацца на пытанні абмежавання двума тэрмінамі. І такім чынам увойдзем у год прэзідэнцкіх выбараў”.



Нагадаю, мясцовыя выбары пройдуць 23 сакавіка. Атрымліваецца, што галоўнае — рэклама “Народнага рэферэндуму” ў чаканні выбараў 2015 года, а зараз “выбараў у нас усё адно няма”?



Калі парламентарыі ідэю рэферэндуму не патрымаюць, то яны збор подпісаў працягнуць. Каб назбіраць 500 тысяч і наўпрост пайсці да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.



“У нас на сённяшні момант няма мясцовай улады, а тыя людзі, якіх называюць дэпутатамі, яны не з’яўляюцца дэпутатамі. Гэта занадта нізкія амбіцыі — увайсці ў сённяшнія мясцовыя саветы”, — абураецца Аляксей Янукевіч.



Стане хтосьці з “рэферэндумскіх” кандыдатаў дэпутатам ці не — не вельмі важна, лічыць Валеры Фралоў. Галоўнае — сфармаваць каманды актывістаў. А магчыма, не выключае Андрэй Дзмітрыеў, гэтая агульная праца шэрагу структур прывядзе да вызначэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбарах 2015 года.

Фота: Змітра Лукашука