Лёс графіці вырашаюць ідэолагі і міліцыянты?

На сцяне дома № 133 па вул. Кірава ў Брэсце з мінулага году красуецца надпіс "РНЕ", хаця надпісы "Жыве Беларусь!" зафарбоўваюць ужо назаўтра. Карэспандэнт Еўрарадыё распытаўся ў ЖЭС № 10, чаму? Майстар ЖЭС, адказны за знешні стан будынкаў, сказаў: – Дык мінусавая тэмпература.Фарба замерзне. Як толькі пацяплее, падаем заяўку, атрымліваем матэрыялы і зафарбоўваем. 

На заўвагу, што цёплага надвор'я было колькі заўгодна, майстар нічога не адказаў, паслаў па каментарый у КУП  ЖРЭУ (Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Рамонтна-эксплуатацыйнае ўпраўленне»). Маўляў, ад іх залежыць. 

Намеснік начальніка Мікалай Чоўжык пацвердзіў, што фарба прыстае толькі пры плюсавой тэмпературы.

ЕРБ: – А ці размяжоўваеце вы  надпісы ў залежнасці ад зместу, прыкладам, слова з трох літараў альбо нейкія слоганы?

Мікалай Чоўжык: – Не-не. Нам усё роўна, што зафарбоўваць. У нас аддзел ёсць па ідэалогіі, мы рыхтуем каштарысы і фактуру для іх, яны пішуць заявы ў РАУС па факце нанясення графіці.

Гаспадар кабінета паведаміў таксама, што кошт касметычнага рэмонту пачынаецца ад 80 тыс. рублёў, бо трэба замалёўваць не квадрат, а паверх альбо пад вакно хаця б зводзіць. І паведаміў таксама, што былі судовыя справы , выйграныя КУП ЖРЭУ супраць графіцістаў. 

У аддзеле па ідэалогіі было дзве супрацоўніцы (начальнік ў адпачынку). Наконт выйгрышаў у судах яны адпрэчылі. Пра канкрэтны надпіс «РНЕ» сказалі, што не ведаюць пра яго, і змест надпісаў іх не займае.

ЕРБ: – РНЕ - гэта Рускае нацыянальнае адзінства, фашысцкая арганізацыя, забароненая ў Расіі.

Супрацоўніца аддзела па ідэалогіі КУП ЖРЭО: – Ды нам усё роўна, якія надпісы. Падаем інфармацыю ў міліцыю, у РАУС там ведаюць, разбіраюцца.

ЕРБ: – Калі “Жыве Беларусь”, дык назаўтра ўжо зафарбавана, а гэты больш за месяц вісіць, я спецыяльна цікавіўся.
 
Другая супрацоўніца аддзела па ідэалогіі КУП ЖРЭО: – Дык ён маленькі. Чорны такі, маленькі…

Здымак аўтара


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі