Вы тут

"Ляжаць чэрапы проста на вуліцы": што адбываецца каля касцёла ў Новым Свержані?

Проста каля касцёла — чалавечыя чэрапы і косці / vedaj.by

У вёсцы Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна на тэрыторыі касцёла Пятра і Паўла ляжаць чалавечыя чэрапы і косці ўперамешку з будаўнічым смеццем. Людзі, якія знялі гэта на відэа, здзіўленыя: маўляў, што гэта за парэшткі і чаму іх ніхто не прыбірае?

Чэрапы пад касцёлам / Еўрарадыё

Еўрарадыё дазванілася ў касцёл. Там нам адказваюць, што нічога экстраардынарнага ў гэтым няма.

— Ва ўсіх касцёлах заўсёды былі могілкі, і ў нас могілкі былі вакол касцёла. Ля царквы Новага Свержаня таксама былі могілкі і каля сінагогі. Я ўжо два гады тут раблю рамонт і два гады знаходжу парэшткі. І цяпер вось дажджом іх вымыла, мы адразу не паспелі прыбраць, — расказвае Еўрарадыё ксёндз Ігар. — Адна жанчына гэта мне даслала, тэлефануе і кажа, маўляў, "я ўжо ўсім паведаміла". Ды я ведаю пра гэта. Ну вымыла дажджом парэшткі, дзесьці не заўважылі.

Па словах ксяндза, на тэрыторыі касцёла ўжо больш за сто гадоў нікога не хавалі. Парэшткі не аддалі на экспертызу, а проста ўзялі і закапалі назад.

— А навошта гэта трэба? Калі людзі там дзвесце гадоў ляжалі — міліцыю трэба выклікаць? Па ідэі, павінна быць нейкая працэдура, каб археолаг гэта неяк фіксаваў, але я не ведаў пра гэта. А калі клікаць, то колькі грошай трэба аддаць на даследаванне? У нас жа якая працэдура: адкапаў яму, памаліўся і закапаў назад.

У час рамонту чалавечыя косці вымыла дажджом пад сцены будынка / Еўрарадыё

Рашэнне закапаць парэшткі людзей назад ксёндз Ігар таксама матывуе этычным аспектам. І не разумее, чаму людзі дасылаюць відэа і абураюцца.

— Ну што я, буду бегаць, насіць? Гэта ж немаральна — кудысьці здаваць цела. Я выкапаў — я пахаваў. Уся зямля беларуская ў касцях. Няхай людзі глядзяць на тыя парэшткі, якія знаходзяць дзе-небудзь у Курапатах ці дзе-небудзь у іншым месцы, дзе няма касцёла і могілак, дзе сапраўды невядома што адбывалася. А нашы могілкі — ну якая там цікавасць? На могілках каго хаваюць, катоў ці што? Людзей хаваюць. Калі вакол касцёла былі могілкі, то хочаш не хочаш, а выкапаеш кагосьці.

Касцёл Пятра і Паўла ў Новым Свержані быў заснаваны Радзівілам Сіроткам у 1588 годзе. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя храм быў закрыты мясцовымі ўладамі пасля задушэння паўстання 1863 года. Крыху пазней, пасля просьбаў прыхаджан, касцёл зноў запрацаваў.

Па завяршэнні Другой сусветнай вайны будынак пуставала амаль 50 гадоў. Толькі ў 1990 годзе Петрапаўлаўскі касцёл адрэстаўравалі і ён зноў стаў прымаць наведвальнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.