Лявон Вольскі зняў трэш-відэа пра "Еўрабачанне"

Лявон Вольскі зняў трэш-відэа да песні "Эўравізія" з будучага сольнага альбома, рэліз якога адбудзецца праз некалькі тыдняў.
З 1 па 8 красавіка ўбачыць кліп можна толькі на партале TUT.BY.

Новая песня здзівіць і збянтэжыць нават сталых прыхільнікаў "Крамбамбулі" – гэта 100-адсоткавае мінімалістычнае трэш-дыска, запісанае з дапамогай старэнькага сінтэзатара Kurzweil.

Тэкст кампазіцыі цалкам адпавядае яе аранжыроўцы: "А я спяваю так афігіцельна, што я паеду на Эўравізію".

Лявон Вольскі сцвярджае, што песня прыйшла да яго ў сне. "Мне прымроілася, што я прымаю ўдзел у адборышчы на "Еўрабачанне".

У пафасным белым гарнітуры, з напаўаголенымі танцоркамі і спяваю нешта павольнае, у манеры Мікалая Баскава, а яны каўбасяцца, як на рэйве, – распавядае спявак. – Я прачнуўся сярод ночы ад уласнага смеху!"

Здымала кліп брыгада маладых мінскіх аніматараў на чале з рэжысёрам Яўгенам Новашам, працы якога трапілі да Вольскага праз знаёмых. "Мне падалося, што іх чорны гумар і трэш-манера вельмі пасуюць да гэтага матэрыялу, – тлумачыць Лявон. – Асабліва ўсе гэтыя псеўдажахі з таматным соўсам".

Рэжысёр кліпа Яўген Новаш прызнае, што базісам для кліпа сталі ўласныя эмоцыі ад штогадовага гармідару вакол "Еўрабачання".

"Ведаеце, калі я чую пра ўсе гэтыя скандалы з адборышчамі ў нас і ў іншых краінах, мне часам здаецца, што там сапраўдныя бойкі ідуць, толькі іх ніхто не паказвае. Мы паспрабавалі павыдумляць на гэтую тэму, – гаворыць Яўген. – Наогул, мне здаецца, што пра "Еўрабачанне" можна поўнаметражны фільм жахаў здымаць. Будзе круцей за "Крык"!".