Вы тут

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі "зачысцілі" ўсе нелаяльныя ўладзе НДА

"Даравання ім не будзе" / pixabay.com

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі "зачысцілі" ўсе нелаяльныя ўладзе некамерцыйныя арганізацыі і фонды. Яго заява прагучала 16 снежня на нарадзе, прысвечанай санкцыям, таму можна меркаваць, што "зачыстка" — гэта "контрсанкцыі". Удзельнікаў згаданых структур ён называе "здраднікамі", якіх "выяўляюць дзясяткамі, ці нават сотнямі".

"Тыя арганізацыі, якія фінансаваліся з-за мяжы і арганізоўвалі пераварот і мяцеж, мы ўсе ліквідавалі, цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Як бы ні было цяжка, мы ж ведалі, якія будуць наступствы". Ён падкрэслівае, што некамерцыйныя арганізацыі спрабавалі "перакуліць краіну" і даравання ім не будзе. "Яны ніколі не будуць адноўлены", — сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе.

У той жа час лаяльным уладзе некамерцыйным арганізацыям, фондам у Беларусі нічога не пагражае. Галоўнае — яны павінны займацца "канкрэтнай справай на карысць Радзімы". "Хай абараняюць хворых, лечаць ковід, хай чарнобыльцам дапамагаюць, жабракам, бяздольным, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, лечаць дзетак", — так Лукашэнка абмаляваў сферы, у якіх дазволена працаваць грамадскім актывістам.

Калі ў нядаўнім інтэрв'ю "Бі-Бі-Сі" Аляксандру Лукашэнку нагадалі пра сотні ліквідаваных грамадскіх арганізацый, ён паабяцаў: "Выражам усіх!" (на першым відэа). Цяпер жа ён засведчыў, што абяцанне выканаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.