Лукашэнка заявіў, што імпарт электраэнергіі скарочаны ўтрая

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што імпарт электраэнергіі скарочаны ўтрая. У сераду, 13 снежня, кіраўнік дзяржавы выступіў у Мінску на II з’ездзе навукоўцаў Беларусі. Ён адзначыў, што скарачэнню імпарту ў 2012-2016 гадах паспрыяла мадэрнізацыя беларускай энергасістэмы. “Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў за 5 гадоў склала каля 2 млн тон умоўнага паліва, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Пры гэтым значна зніжаныя выкіды шкодных рэчываў у атмасферу”.

Гаворачы пра энергетыку, Лукашэнка згадаў Беларускую АЭС і літоўцаў, якія заклапочаныя яе бяспекай. “Бяспека — гэта наш клопат. Мы найперш зацікаўлены ў бяспечнай станцыі”, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Літве сумесна эксплуатаваць Беларускую АЭС. Ён паразважаў над тым, што спецыялісты з закрытай у Літве Ігналінскай атамнай станцыі маглі б працаваць у Беларусі.