Лукашэнка заклікае "прывесці ў прытомнасць" структуры СНД

Лукашэнка заклікае "прывесці ў прытомнасць" структуры СНД

На пасяджэнні ў вузкім складзе Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў дзейнасць Міжпарламенцкай асамблеі СНД, паведамляе БЕЛТА. Саміт кіраўнікоў СНД праходзіць 11 кастрычніка ў Сочы. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што перад пасяджэннем абмяняўся з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым думкамі наконт працы Міжпарламенцкай асамблеі (МПА). Па словах Лукашэнкі, дзейнасць гэтага органа не дае патрэбнай аддачы, а на яе вылучаюцца немалыя грошы. "Калі гэтая структура не працуе, можа быць, і адмовіцца ад яе? Хоць мы прапаноўвалі надзяліць яе пэўнымі, канкрэтнымі паўнамоцтвамі. Мы там нейкія мадэльныя законы прымаем, але ніводзін з іх, напрыклад, у Беларусі, не лёг у аснову прыняцця нацыянальнага заканадаўства. Такога ў прынцыпе ніколі не было", — патлумачыў сваю думку кіраўнік Беларусі.

Па яго словах, дзейнасць МПА незапатрабаваная і гэтая структура толькі плодзіць чыноўнікаў. 

Лукашэнка лічыць больш важнай праблему гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і бяспекі. Пытанні бяспекі, па яго словах, "ужо ў наш дом уварваліся". 

Па словах Лукашэнкі, такія ж праблемы ёсць і ў ЕАЭС. Але там больш канкрэтны парадак дня і больш канкрэтныя рашэнні. "Я б пагадзіўся з тым, каб у ЕАЭС было і парламенцкае вымярэнне, бо ёсць што там абмяркоўваць. Трэба ў прытомнасць прыводзіць нашы постсавецкія структуры", — канстатаваў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі