Лукашэнка паляцеў у Сочы на сустрэчу з Пуціным

Лукашэнка паляцеў у Сочы на сустрэчу з Пуціным

7 снежня з Нацыянальнага аэрапорта Аляксандр Лукашэнка вылецеў у Сочы. У другой палове дня ён правядзе працоўную сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, на якой будуць абмяркоўвацца пытанні наконт "двухбаковага супрацоўніцтва", паведамляе сайт president.gov.by. 

Напярэдадні, падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці з дэпутатамі і сенатарамі 6-га і 7-га скліканняў, беларускі лідар  заявіў, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай і не ўступіць у склад Расіі. 

"Запомніце, я не пацан, які адпрацаваў 3-4-5 гадоў прэзідэнтам, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Мне хапіла: вось так! І я не хачу перакрэсліць, што я зрабіў разам з вамі, з народам. Стварыў суверэнную, незалежную дзяржаву, каб яе пакласці зараз у нейкую скрыню з крыжом наверсе?! І кудысьці выкінуць ці перадаць... Гэтага пры мне не будзе ніколі!".

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не збіралася і не збіраецца ўваходзіць у склад якой-небудзь дзяржавы, "нават брацкай Расіі". 

6 снежня адбылася сустрэча прэм'ераў Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Падчас яе стала вядома, што з трыццаці адной "дарожнай карты" узгодненыя усяго 16, што дагэтуль не падпісаны газавы кантракт, згодна з якім Беларусь хоча атрымліваць газ па цане Смаленскай вобласці — 70 долараў за тысячу кубаметраў. І, галоўнае, што праект праграмы паглыбленай інтэграцыі не ўтрымлівае ніякіх наддзяржаўных органаў, пра якія вялася гаворка раней. 

8 снежня ў 20-ю гадавіну падпісання Дамовы аб Саюзнай Дзяржаве, Беларусь і Расія збіраюцца падпісаць дакументы аб паглыбленай інтэграцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі