Лукашэнка: Нейкая бязглуздзіца. Навошта намотваць гэтую атамную станцыю?!

Лукашэнка: Нейкая бязглуздзіца. Навошта намотваць гэтую атамную станцыю?!

Падчас прызначэння новага беларускага амбасадара ў Літве (ім стаў Валерый Бараноўскі, начальнік упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта) кіраўнік дзяржавы гаварыў пра дачыненні з гэтай краінай і пра Астравецкую АЭС. Па словах Лукашэнкі, улады Беларусі гатовыя будаваць добрасуседскія дачыненні з Літвой, калі ў літоўцаў ёсць такое жаданне.

"Гэта справа Літвы, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Хочуць з намі супрацоўнічаць, хочуць выбудоўваць добрасуседскія адносіны — калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. Не хочуць, — я думаю, у нас ёсць маса варыянтаў. Абыдземся. Тым больш што наша асноўнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ляжыць на поўдні, паўднёвым захадзе, паўднёвым усходзе".

Аляксандр Лукашэнка прыгразіў, што калі Літва не хоча будаваць дачыненні, правесці іх дэпалітызацыю і адмовіцца ад "незразумелых патрабаванняў па атамнай станцыі", тады Мінск будзе працаваць з портамі ў Латвіі і ва Украіне.

"Гэта проста нейкая бязглуздзіца, — кажа Лукашэнка пра пазіцыю літоўцаў. — Навошта намотваць гэтую атамную станцыю?!". Што меў на ўвазе беларускі кіраўнік, калі гаварыў апошнюю фразу, засталося таямніцай.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што Астравецкая АЭС у любым раз будзе пабудаваная. Ён запэўніў, што ніякай небяспекі яна для Літвы не ўяўляе: "Мы ж самі чарнобыльская рэспубліка. Што, мы самі не разумеем, што станцыя павінна быць бяспечнай?". Лукашэнка прыгадаў Ігналінскую АЭС у Літве: "Мы ж не крычалі гвалтам, калі былі праблемы ў іх на станцыі". Ён перакананы, што літоўскі народ не падтрымлівае "тое, што цяпер там вырабляюць палітыкі".

"Трэба рабіць усё празрыста, не прагінацца ні пад каго", — сказаў Аляксандр Лукашэнка новаму амбасадару.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 16.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі