Вы тут

Лукашэнка ляціць у Аўстрыю, што ён там будзе абмяркоўваць?

Федэральны прэзідэнт Аляксандр Ван дэр Бэла і Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка наведае з афіцыйным візітам Аўстрыю 11 і 12 лістапада. Гэта першы яго візіт у Еўрасаюз з 2016 года, калі ён пабываў у Італіі і Ватыкане. Што будуць абмяркоўваць кіраўнікі Аўстрыі і Беларусі?

Тэмамі абмеркавання стануць палітыка памяці, у тым ліку захаванне месца памяці Малы Трасцянец. У 2018 годзе Федэральны прэзідэнт Аляксандр Ван дэр Белен, разам са сваім нямецкім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам наведалі адкрыццё другога этапу будаўніцтва мемарыяльнага комплексу Малы Трасцянец і заклалі камяні для аўстрыйскага помніка ў Беларусі. Тады ж у ходзе візіту Федэральны прэзідэнт запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў госці, паведамляе аўстрыйскі бок.

Акрамя гэтага ў чарговы раз плануецца крытычны дыялог па праблемах захавання правоў чалавека ў Беларусі. Пасля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі большасць санкцый ЕС былі адменены ў 2016 годзе, але смяротнае пакаранне ўсё яшчэ існуе. Аўстрыя і Еўрасаюз заклікаюць да адмены смяротнага пакарання.

Аляксандр Лукашэнка разам з федэральнымі прэзідэнтамі Германіі і Аўстрыі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і Аляксандрам Ван дэр Белленом наведваюць мемарыяльны комплекс "Трасцянец" / president.gov.by, Чэрвень 2018

Запланавана сустрэча з прэзідэнтам Нацыянальнай рады Вольфгангам Саботка. Таксама запланаваны ўдзел беларускага лідэра ў Эканамічным форуме ў Федэральнай эканамічнай палаце Аўстрыі.

А вось на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі акцэнт будучых сустрэч зроблены на гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і гуманітарнае супрацоўніцтва:

"У цэнтры ўвагі будуць і палітычныя пытанні: сітуацыя ў рэгіёне і свеце, узаемадзеянне Беларусі з Еўрасаюзам, у тым ліку ў фармаце "Усходняга партнёрства", тэматыка аховы навакольнага асяроддзя. Плануецца, што ў час афіцыйнага візіту ў Аўстрыю будзе падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў і бізнес-пагадненняў аб развіцці супрацоўніцтва па розных кірунках", — паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ў фармаце рабочай вячэры правядзе сустрэчу са Старшынёй Аўстрыйскай народнай партыі, дэпутатам Нацыянальнага савета Аўстрыі Себасцьянам Курцам, які да мая 2019 года быў на пасадзе фэдэральнага канцлера.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.