Лукашэнка прызнаў, што ў "Дэкрэце аб дармаедах" былі зробленыя памылкі

Лукашэнка прызнаў, што ў "Дэкрэце аб дармаедах" былі зробленыя памылкі

Прыземленай і збалансаванай мусіць быць новая рэдакцыя дэкрэта №3. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 снежня на нарадзе аб праектах прававых актаў, накіраваных на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва.

"Я абяцаў, што да канца гэтага года мы распрацуем і прымем дэкрэт прэзідэнта, які будзе развіваць вядомы дэкрэт №3. Мы з вамі тады дамовіліся, каб мы не падвяргаліся крытыцы і нас не называлі рэтраградамі, мы павінны дапрацаваць гэты праект з улікам тых недахопаў і, магчыма, памылак, якія былі дапушчаныя пры распрацоўцы дэкрэта №3, зрабіць яго прыземленым", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Таксама кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб новая версія Дэкрэта №3 была збалансаванай. "З аднаго боку — даць людзям магчымасць працаўладкавацца, з другога боку — прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча", — патлумачыў ён сваё меркаванне. Лукашэнка дадаў, што разбірацца з непрацуючымі людзьмі мусяць мясцовыя органы ўлады, якія і вырашаць, можа чалавек працаваць ці не можа. 

Калі канкрэтны чалавек можа працаваць, але не хоча, яго трэба прымусіць, лічыць кіраўнік Беларусі. "І гэтым будуць займацца мясцовыя органы ўлады. Мы ім павінны стварыць прававы калідор, як юрысты кажуць, прававое поле", — заявіў ён.

Акрамя таго, Лукашэнка заявіў, што неабходна павышаць заробкі навукоўцам, калі ёсць вынікі ў іх дзейнасці. Ён падкрэсліў, што яшчэ ў красавіку даў даручэнне выпрацаваць новыя прынцыпы і падыходы да налічэння заробкаў навукоўцам. Таксама кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на нядаўнім II З'ездзе навукоўцаў Беларусі ён паабяцаў падпісаць дакумент аб павышэнні заробкаў у навуковай сферы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі