Вы тут

Літва страціць на калійных санкцыях да 0,9% свайго ВУП, і яна гатовая да гэтага

Порт у Клайпедзе / delfi.lt

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што санкцыі Еўрасаюза супраць Беларусі для сектара калійных угнаенняў будуць уводзіцца паэтапна. Рэч у тым, што "Беларуськалій" экспартуе сваю прадукцыю праз Клайпедскі порт, карыстаючыся паслугамі Літоўскіх чыгунак, а ўжо ў Клайпедзе грузіць іх прадпрыемства "Тэрмінал насыпных грузаў". Застаўшыся без беларускага кліента, усе гэтыя літоўскія прадпрыемствы адразу ж пачнуць несці страты. І гаворка пра дзясяткі мільёнаў еўра ў год.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч нядаўна заўважыў, што санкцыі з боку "калектыўнага Захаду" ўдараць не толькі па Беларусі, але і па еўрапейскіх і амерыканскіх бізнесах. Кампаніі, якія працуюць з беларускімі прадпрыемствамі, якія трапілі ў "блэкліст", немінуча панясуць страты. Магчыма, менавіта таму палітычнае рашэнне аб пашырэнні эканамічных санкцый і "выспявала" ў кабінетах еўрапейскіх чыноўнікаў так доўга. Бо кожны з іх думае не толькі пра дэмакратыю ў Беларусі, але і пра сваіх выбаршчыкаў. Сярод якіх могуць аказацца незадаволеныя тым, што праз санкцыі даводзіцца адмаўляцца ад беларускіх контрагентаў.

Колькі гатовая на "калійных" санкцыях страціць Літва?

З прагнозам пра тое, якія страты ад санкцый ЕС супраць Беларусі панясе Літва, выступілі аналітыкі літоўскага Цэнтрабанка. Паводле іх падлікаў, адмова ад транзіту беларускіх калійных угнаенняў скароціць ВУП Літвы на 0,9%. У Камітэце Сейма па бюджэце і фінансах такія страты ацэньваюцца як нязначныя: зніжэнне адбудзецца на фоне росту эканомікі ў цэлым.

Калі экспарт калійных угнаенняў праз Клайпеду будзе прыпынены, перастануць акупляцца шматмільённыя інвестыцыі дзяржавы ў партовую інфраструктуру і чыгункі. Порт страціць каля 17% ад усіх збораў. Літоўскія чыгункі страцяць звыш 16% таварапатоку.

Страты транспартнікаў кампенсуюць айцішнікі

"Калі Літве ўдасца прыцягнуць з Беларусі тры тысячы IT-спецыялістаў, яны ў поўнай меры кампенсуюць усе магчымыя страты праз замарожванне эканамічных адносін", — мяркуе галоўны эканаміст банка Luminor Жыгімантас Маўрыцас.

За апошні год і так адбыўся адчувальны рэлакейт беларускіх IT-кампаній у Літву. Напрыклад, нядаўна стала вядома, што толькі Wargaming выкупіў 76 кватэр у Вільні для сваіх супрацоўнікаў. Сума здзелкі ацэньваецца ў 20 мільёнаў еўра.

Ці зможа Беларусь замяніць Клайпеду расійскімі партамі?

Пры поўным блакаванні беларускага калію ў Літве "Беларуськалію" нічога не застанецца, акрамя як перавесці пастаўкі на расійскія парты. Але тут ёсць праблема.

Порт Усць-Луга, напрыклад, заточаны на перавалку цёмных нафтапрадуктаў. Гэта гавань хоць і імкліва развіваецца, але новы магутны тэрмінал для навалачных грузаў, які гіпатэтычна мог бы задаволіць запыты "Беларуськалія", з'явіцца там не раней 2024 года.

Прапускная здольнасць порта ў Санкт-Пецярбургу пакуль што таксама не здольная задаволіць запыты Беларусі. Інакш кажучы, "інтэграцыйная" дамоўленасць пра тое, што Расія падставіць плячо і дапаможа беларускім калійнікам выконваць кантракты, на словах выглядала выдатна. Але на практыцы ўсё аказалася крыху складаней.

Колькі ад "калійных" сектаральных санкцый страціць Беларусь?

У 2020 годзе Беларусь экспартавала калійных угнаенняў на 2,4 млрд долараў. Асноўныя пакупнікі і рынкі збыту знаходзяцца нават не ў Еўропе, а ў Бразіліі, Індыі, Кітаі і Інданезіі. Ці азначае гэта, што еўрапейскія і амерыканскія санкцыі для беларускіх уладаў не важныя? Не.

Замежныя кампаніі, якія працуюць з санкцыйнымі беларускімі прадпрыемствамі, чакае пакет абмежавальных мер з боку Вашынгтона і Бруселя. Ці захочуць спажыўцы беларускіх калійных угнаенняў апынуцца ў зоне рызыкі разам з Беларускай калійнай кампаніяй? Хутчэй за ўсё, не.

Зрэшты, у сучаснага бізнесу заўсёды ёсць выхады з сітуацыі. Тыя, хто не захоча адмаўляцца ад гандлю з беларускімі прадпрыемствамі, змогуць працягваць гэта рабіць праз кампаніі-пракладкі. "Паляванне" на іх — справа клапотная, а ўведзеныя ў дачыненні да іх абмежавальныя меры будуць растварацца разам з самімі кампаніямі. Што, зрэшты, не значыць, што фінансавыя органы Еўрасаюза і ЗША не будуць вылічаць такія кампаніі і прыцягваць да адказнасці за парушэнне санкцыйнага рэжыму канчатковых адрасатаў паставак.

Па словах беларускага эканаміста Яраслава Раманчука, сектаральныя санкцыі — гэта тое, чаго ўлады Беларусі баяцца больш за ўсё. Страты ад усіх сектараў эканомікі, якія трапілі пад санкцыі, могуць скласці ад 15 да 20 адсоткаў ВУП.

"Для нашай эканомікі гэта будзе падобна да таго зніжэння, што мы зазналі пасля развалу Савецкага Саюза. Гэта наймагутнейшы ўдар пад дых. Не ўратуе нічога з таго, што мы сёння маем", — лічыць эксперт.

21 чэрвеня кіраўнікі МЗС краін ЕС узгаднілі сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Паведамлялася, што абмежаванні могуць закрануць калійны, нафтавы і банкаўскі сектары беларускай эканомікі. Абмеркаванне магчымых санкцый у ЕС працягваецца. Яно павінна прыйсці да фінальнага варыянта ў чацвер, 24 чэрвеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.