Літоўскі палітык прапаноўвае частку заробку выдаваць купонамі

Апазіцыйная літоўская Партыя працы прапаноўвае ў дзяржаўным сектары частку заробку выплочваць купонамі на мясцовую прадукцыю. Гэткія захады павінны паспрыяць спажыванню нацыянальных прадуктаў. Лідэр партыі, дэпутат Еўрапейскага парламента і мільянер Віктар Успаскіх нагадвае, што да такой меры звяртаюцца нямала краін, асабліва ва ўмовах крызісу, паведамляе "Інтэрфакс".

Успаскіх прапануе выдаваць купонамі частку заробку ўсім дзяржаўным бюджэтным работнікам — ад прэзідэнта да дробнага клерка, каб гэтыя людзі маглі спажываць толькі нацыянальныя тавары. Ён запэўнівае, што так робяць Нямеччына, Францыя, Японія, Вялікабрытанія, Амерыка.

Назіральнікі адзначаюць, што ініцыятыва будзе выгадная вытворцам, якія працуюць на ўнутраны рынак спажывання. У тым ліку выгаду атрымае і сам міліянер, які мае адпаведныя прадпрыемствы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі