LinkedIn супраць Кітая, Польшча супраць мігрантаў і сапраўдны Гары Потэр

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Мігранты на польска-беларускай мяжы з кожным днём становяцца ўсё больш бяспраўнымі. Каралеву Лізавету з кожным днём усё больш раздражняюць пустыя размовы пра клімат, якія не падмацоўваюцца справамі. У Кітаі з кожным днём становіцца ўсё менш свабод.

Але адна чарадзейная гісторыя ў нас для вас усё роўна знойдзецца.
 

Новыя правілы на мяжы

Польскім памежнікам дазволілі неадкладна высылаць мігрантаў, якія нелегальна перасякаюць мяжу. Так Польшча спрабуе саўладаць з патокам нелегальнай міграцыі, які не спыняецца вось ужо каторы месяц.

LinkedIn против Китая, Польша против мигрантов и настоящий Гарри Поттер
Беларуска-польская мяжа / Beentree

Зразумела, гэта не спадабалася праваабаронцам. Згодна з міжнародным правам, кожнаму чалавеку, які шукае абароны, павінен быць дадзены доступ да магчымасці атрымаць прыстанішча. Нават калі ён незаконна перасёк мяжу. Нават калі гаворка пра беларуска-польскі памежны крызіс.
 

Доўга тлумачыць, што такое дэмакратыя

Відаць, так падумаў Microsoft, махнуў на Кітай рукой і вырашыў закрыць LinkedIn — сацыяльную сетку для пошуку дзелавых кантактаў. Выконваць патрабаванні кітайскага заканадаўства становіцца ўсё складаней, вырашылі больш не спрабаваць.

Калі сацсетка прыйшла на кітайскі рынак, яна ўзяла абавязацельствы выконваць патрабаванні кітайскага заканадаўства. Таму зусім нядаўна давялося заблакаваць профілі двух кітайскіх журналістаў.

Адзін з іх, Грэг Бруна, напісаў кнігу пра стаўленне Кітая да тыбецкіх уцекачоў. І ён можа зразумець, чаму Пекіну ён не падабаецца. Што не падабаецца самому Бруна — згода амерыканскай карпарацыі гуляць па правілах кітайскага ўрада.

Але Microsoft не сыходзіць з КНР незваротна. Яны збіраюцца запусціць у канцы года праграму InJobs. З яе дапамогай можна будзе проста шукаць вакансіі.

А для ўсяго астатняга ёсць лакальныя кітайскія сацсеткі. LinkedIn была адзінай заходняй сацыяльнай сеткай у Кітаі. Карацей, цяпер нічога лішняга.
 

Калі бабуля ўхваляе

Днямі прынц Уільям сказаў нешта накшталт: гэй, хлопцы, палёты ў космас — гэта добра, але досыць думаць пра пераезд на новую планету, давайце паспрабуем выратаваць Зямлю! Здаецца, у гэтым прынц Уільям пайшоў у бабу.

LinkedIn против Китая, Польша против мигрантов и настоящий Гарри Поттер
Каралева Лізавета II

Каралеву Лізавету цішком знялі на відэа. Журналісты зрабілі гук мацнейшым і разабралі, на што каралева скардзіцца ў кулуарах. Яе раздражняе, калі людзі занадта шмат гавораць пра змены клімату — але нічога не робяць, каб дапамагчы планеце.

— О так, час дзейнічаць! — адказваюць каралеве і пераказваюць нядаўняе інтэрв'ю яе ўнука.

Каралева ўхвальна ўсміхаецца — о так, яна чытала пра гэта.

Размоў пра клімат у найбліжэйшыя дні будзе толькі больш: у Вялікабрытаніі на кліматычным саміце збяруцца многія лідары, каб абмеркаваць, як выратаваць Зямлю. Мы разам з каралевай будзем спадзявацца, што саміт не скончыцца толькі размовамі.
 

Таямніцы інвестыцый і нэймінгу

Шмат гадоў таму брытанец Дэвід Потэр убачыў у краме кнігу, якая называлася "Гары Потэр і філасофскі камень". Ён узрадаваўся: які падарунак я знайшоў для свайго сына Гары!

Сястра Гары ўспамінае, як бацька пасля працы ўбег у дом, размахваючы кнігай і абвяшчаючы: вы ніколі не паверыце, што я маю!

Але быць Гары Потэрам не заўсёды проста. Таму што Гары Потэру ніхто не верыць, што яго завуць Гары Потэрам! Калі Гары гуляў у камандзе па футболе, суддзя пагражаў яму чырвонай карткай, таму што думаў, што з яго здзекуюцца, прадстаўляючыся выдуманым імем. Нават будучая жонка Гары Потэра пры знаёмстве яму не паверыла!

Тады, у 1997 годзе, Дэвід Потэр яшчэ не думаў, што зрабіў свайму сыну настолькі дарагі падарунак. Цяпер падрослы Гары прадаў свой асобнік першага выдання кнігі пра юнага чараўніка за 27,5 тыс. фунтаў. Будзьце сентыментальныя, як Дэвід Потэр!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі