Вы тут

Лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва прызналі палітвязнем

Рыгор Кастусёў / З архіву Еўрарадыё

У спіс палітвязняў у Беларусі праваабаронцы дадалі шэсць прозвішчаў. Гэта — Рыгор Кастусёў, Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Таццяна Карповіч, Руслан Кузьміч і Андрэй Аўсіевіч. Агулам палітвязняў у нашай краіне цяпер 933. Праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.

Кастусёў знаходзіцца за кратамі з красавіка 2021-га. Яго вінавацяць у "спробе дзяржперавароту". У зняволенні ў палітыка пагоршыўся стан здароўя — у яго анкалагічнае захворванне. Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў турэмным шпіталі. Праваабаронцы звяртаюць увагу, што "акалічнасці справы, узрост, стан здароўя" Кастусёва "сведчаць аб адсутнасці згаданых вышэй неабходных падставаў для ўтрымання пад вартай на працягу доўгага часу".

Петрушэнка абвінавачваецца ў "наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне... сацыяльнай варожасці" — за перадачу даных сілавікоў тэлеграм-каналу, ён знаходзіцца пад вартай з чэрвеня 2021 года. У тым жа абвінавачваюцца Гарун і Карповіч. Кузьміча абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" — за публікацыю каментара пад здымкам чалавека са зброяй у руках.

Аўсіевіч асуджаны на закрытым пасяджэнні суда на тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за "распальванне варожасці ці варажнечы", "заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ" і "абразу прадстаўніка ўлады" — за каментары ў інтэрнэце.

Столькі палітвязняў няма ў іншых еўрапейскіх краінах / spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.