Лідар гурта "Наив": Ганаруся тым, што трапіў у "чорны спіс"

У байнэце з'явіўся спіс музыкаў і творчых асоб, пра якіх нібыта пажадана не згадваць у СМІ. Афіцыйна існаванне такой паперы ніхто не пацвердзіў, але ў прыватных размовах прадстаўнікі некаторых ФМ-станцый пацвердзілі, што падобны ліст яны насамрэч атрымалі. Пакуль усе гадаюць, качка гэта ці не, лідар расійскага гурта "Наив" Аляксандр "Чача" Іваноў распавёў Еўрарадыё, чаму ён мог апынуцца ў падобным спісе.

"Вы ведаеце, я паглядзеў прозвішчы людзей і гурты, якія трапілі ў гэты чорны спіс. Я бачу там годныя імёны і ганаруся тым, што трапіў у гэты спіс. Я ў добрай кампаніі". 

Пасля падзеяў 19 снежня шэраг расійскіх музыкаў падпісалі зварот да беларускіх уладаў з патрабаваннем выпусціць затрыманых, прыгадвае музыка.

"Я мяркую, гэта за тое, што я быў адзін з тых людзей, якія падпісалі патрабаванне да ўладаў Беларусі пра вызваленне людзей, затрыманых пасля выбараў. Людзі выйшлі выказаць свой пратэст, было шмат затрыманых. Да гэтага часу частка гэтых людзей знаходзіцца ў турмах. Я быў адным з тых, хто падпісаў зварот да ўладаў Беларусі з патрабаваннем адпусціць іх на свабоду".

Праўда, на гурт "Наив" траплянне ў "чорны спіс" моцна не паўплывае, бо канцэртаў у іх зараз няма і бліжэйшым часам не плануецца.

"Рэч у тым, што гурт "Наив" зараз знаходзіцца ў творчым адпачынку. А ў мяне ёсць новы праект, які ў вас не забаронены. Я спадзяюся, што з ім прыеду да вас".

Паводле Аляксандра, калі ён падпісваў зварот, то думаў пра магчымыя наступствы.

"Вядома, я меркаваў гэта. Мяркуючы па тым, як вашая ўлада абыходзіцца з незадаволенымі, ад яе можна чакаць чаго заўгодна. І ў гэтым сэнсе шчасце, што я не з'яўляюся грамадзянінам Беларусі. Калі б я быў грамадзянінам Беларусі, гэтыя наступствы маглі б быць больш сур'ёзнымі для мяне. З гэтым "чорным спісам" не ўсё зразумела: ён нікім не падпісаны і што гэта за дакумент — няясна. Улада заўсёды можа ад яго адмовіцца".

Але ж, на думку Аляксандра Іванова, калі спіс сапраўдны, то гэты крок уладаў выглядае абсалютна натуральным.

"Улада ў гэтым выпадку рэагуе натуральным для яе чынам. Яна, мабыць, прыняла рашэнне не пагадзіцца з гэтымі масавымі пратэстамі. І ўсяляк спрабуе іх дыскрэдытаваць і забараніць. І наогул, бачыце: нават калі ты паспрабаваў што-небудзь сказаць супраць, то адразу трапляеш у "чорны спіс".

Нагадаем, 2 сакавіка з'явілася інфармацыя пра тое, што супрацоўнікі шэрагу беларускіх радыёстанцыяў атрымалі вялікі спіс з музыкаў, акцёраў, драматургаў і г.д. Спіс нібыта суправаджаўся інструкцыямі наконт таго, што згадвання гэтых асобаў у эфіры варта пазбягаць. Міністр інфармацыі назваў спіс "фальшыўкай".

Фота: Igor Guzei

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі