Легалізацыя хатніх камп’ютарных сетак каштуе мінімум 5-10 мільёнаў

У сталіцы налічваецца больш за 40 буйных хатніх камп'ютарных сетак і больш за тысячу невялікіх. Самая буйная сетка, якую камунальнікам удалося нейтралізаваць, ахапляла больш за 30 мінскіх дамоў.

Па словах начальніка вытворчага аддзела “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі” Генадзя Місуно, асноўная праблема пры стварэнні сетак заключаецца ў самавольным адчыненні гарышчаў і шчытавых, пракладцы правадоў з выкарыстаннем электрычных кабеляў і кабеляў электрасувязі.

Гэта з'яўляецца грубым парушэннем супрацьпажарных і электратэхнічных норм. Па словах Місуно, сёння хатнюю камп'ютарную сетку можна легалізаваць.

Для гэтага неабходна звярнуцца альбо ў ЖРЭА, альбо ў адміністрацыю раёна, дзе складуць праектную дакументацыю на пракладку інжынернага абсталявання. Абыдзецца яна прыкладна ў 5-10 мільёнаў рублёў. Плюс плата за інжынернае абсталяванне.

“Мінск-навіны”