Лебедзеў — Еўрарадыё: "У мяне ёсць іншыя здагадкі..."

Галоўны трэнер жлобінскага "Металурга" Яўген Лебедзеў застаецца на сваёй пасадзе. Паводле заявы дырэктара клуба Алега Багарада, "ніякіх афіцыйных дакументаў аб адхіленні галоўнага трэнера ад працы аформлена не было". Кантракт з Лебедзевым дзейнічае да 30 чэрвеня 2010 года.
Тым не менш, Назіральная рада выказала шэраг прэтэнзій да спецыяліста. Яны выкладзеныя ў афіцыйнай заяве на сайце клуба (пры Лебедзеве "Металург" стаў "лідэрам" па колькасці запрошаных легіянераў, ён прыцягваў у каманду гульцоў "ва ўзросце", а маладых з'яўлялася мала, па фінансавых магчымасцях "Металург" пераўзыходзіў "Гомель", але ў гульнях плэй-оф апошнія аказаліся "на галаву" мацнейшыя за жлобінцаў і г. д).

Вось як пракаментаваў гэтыя прэтэнзіі ў інтэрв’ю Еўрарадыё Яўген Лебедзеў:

“Зразумела, што там напісаныя поўныя небыліцы. За тыя небыліцы, якія там напісаныя, трэнераў, якія заваёўваюць медалі, нідзе і ніколі не звальняюць. У мяне ёсць іншыя здагадкі. Я думаю, усё гэта адбывалася, таму што мы спрабуем штурхаць хакей далей, як мае быць згодна з праграмай развіцця хакею ў краіне”.

Нагадаем, пра звальненне Яўгена Лебедзева ў панядзелак паведаміла БЕЛТА. Якраз напярэдадні Лебедзеў прывёў да перамогі на Другіх рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакею сярод аматарскіх камандаў зборную Гомельскай вобласці. У рашаючым матчы каманда, якой ён кіраваў, перамагла дружыну прэзідэнта Беларусі, за якую выступаў сам Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі