Кулінковіч і Дзядзя Ваня разагрэюць байкераў пасля Аквапарка

20-22 жніўня ў Жлобіне пройдзе 8-ы міжнародны байкерскі фэст "Рэгіён-3", які ладзіць беларускі мотаклуб “Жалезныя браты”. Як распавёў прадстаўнік яго гомельскага аддзялення Мікалай Патапенка, самая насычаная праграма фестывалю будзе ў суботу 21-га жніўня:

Мікалай Патапенка: "Праграма будзе з парадам па горадзе і наведваннем мемарыяла ў Чырвоным беразе, там падчас Вялікай Айчыннай быў лагер па заборы крыві ў дзяцей. Пасля гэтага едзем да жлобінскай славутасці ― Аквапарка, ну а ўвечары ― рок-канцэрт. Сярод заяўленых гуртоў - "Август", "Не будите спящих", "Бан Жвірба", "Клан", ну, а хэдлайнерам будзе "Нейро Дюбель", "Дядя Ваня" і OneHellThing. Дарэчы, дзядзя Ваня будзе весці  ўсю праграму."

Мікалай дадаў, што на фэст збіраюцца прыехаць прадстаўнікі байкерскага руху з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы і краінаў Балтыі. Але нават прыкладную колькасць удзельнікаў назваць не здолеў:

Мікалай Патапенка: "Гэта заўсёды загадка, бо байкеры - своеасаблівыя людзі. Можа прыехаць і сто чалавек, а можа і тры тысячы. Тут новая зямля, новае месца, таму мне складана сказаць."

Калі ўзгадваць гісторыю фестывалю, то першы байк-фэст адбыўся ў 2001 годзе на Мінскім моры. Наступныя тры гады яго ладзілі на тым самым месцы. Потым фэсты праходзілі ў Ракаве і Лагойску. У гэтым годзе байкерскі злёт упершыню пераехаў на Гомельшчыну.

Мікалай Патапенка: "Па-першае, Гомель ― незасвоеная тэрыторыя, тут не было буйных міжнародных злётаў... Ну і хацелася паглядзець  на новыя месцы, тым больш тут прыгожая і цікавая прырода".

Варта адзначыць, што на тэрыторыі фестывалю будзе намётавае мястэчка, месца пад харчовыя палаткі, ChillOut-зона і паркоўка для матацыклаў. А ўваход на дзень абыдзецца ў 20 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі