Куды бегчы ад мабілізацыі: што адбываецца ў Грузіі, Казахстане і Кыргызстане

Чарга на памежны кантроль на расійска-грузінскай мяжы / Настоящее время
Чарга на памежны кантроль на расійска-грузінскай мяжы / Настоящее время

Пасля абвяшчэння мабілізацыі Расію пакінулі больш за 260 тысяч чалавек, піша "Новая газета. Еўропа" са спасылкай на ўласную крыніцу ў адміністрацыі прэзідэнта Расіі. З яе словаў, у Крамлі з сярэдзіны мінулага тыдня пачалі абмяркоўваць закрыццё межаў для мужчын прызыўнога ўзросту. Пакуль жа, хай і з абмежаваннямі, патэнцыйных рэкрутаў з краіны выпускаюць. Карэспандэнты "Настоящего времени" ў Грузіі, Казахстане і Кыргызстане пабывалі на межах з Расіяй, пагаварылі з уцекачамі ад мабілізацыі і з тымі, хто ім дапамагае.

Грузія

Адзін з напрамкаў для тых, што бягуць ад мабілізацыі, — Грузія. Там адна з самых вялікіх чэргаў на мяжы. Людзі стаяць у заторах па 30-40 гадзін. Пры гэтым выехаць могуць не ўсе. На расійскім КПП некаторым уручаюць павесткі ў войска, а на грузінскай могуць развярнуць назад — праз не тыя адказы на пытанні, якія тычацца палітыкі.

"Не хачу быць саўдзельнікам злачынства. Мяркую, я ў першай чарзе па прызыву. І знаёмых ужо прызвалі, і тых, хто старэйшы, і тых, хто маладзейшы за мяне. То бок гэта рулетка. І я не хацеў даваць нават 1% шанцу на тое, што я магу неяк у гэтым удзельнічаць", — кажа жыхар Масквы Ілля.

Некалькі дзён таму Ілля ажаніўся. Яшчэ нядаўна муж і жонка планавалі адправіцца ў вясельнае падарожжа, але цяпер Ілля не можа нават сказаць, калі зноў убачыць жонку. Праз вялікую колькасць машын, якія сабраліся ля мяжы, улады Паўночнай Асеціі ўвялі абмежаванні для аўтамабільнага руху. Затор перад расійскім КПП "Верхні Ларс" у гэтыя дні расцягваецца да 15, а то і 20 км (паводле некаторых дадзеных, 26 верасня чарга расцягнулася на 30 км і дасягнула Уладзікаўказа). Каб не стаяць у чарзе, людзі купляюць самакаты і ровары і такім чынам дабіраюцца да Грузіі.

Тыя, хто едзе на машынах, стаяць у чарзе ў найлепшым выпадку суткі. І гэта калі вельмі пашанцуе. Рух з Грузіі ў кірунку Расіі параўнальна свабодны. Заторы толькі ля самога КПП, і тое ў большай ступені праз трэйлеры. Расійскія грамадзяне, якія вяртаюцца ў Расію, у цэлым менш гаманкія. Хоць некаторыя нават прызнаюцца, што гатовыя паехаць ваяваць ва Украіну.

У сацыяльных сетках і месэнджарах расіяне паведамляюць, што грузінскія памежнікі ў цэлым прапускаюць людзей у краіну свабодна. Але пры гэтым расійскім грамадзянам усё ж часам даводзіцца адказваць на пытанні грузінскага боку, ці лічаць яны анексаваны Крым Украінай, а акупаваныя Абхазію і Цхінвальскі рэгіён — Грузіяй. У выпадку адмоўнага адказу візіцёрам адмаўляюць ва ўездзе. Таксама падставамі для адмовы служаць рэгістрацыя і атрыманне дакументаў у Крыме пасля 2014 года, наведванне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі без ведама Тбілісі, налепкі і надпісы на аўтамабілях і вопратцы з лацінскімі літарамі Z і V, якія сталі сімваламі расійскага ўварвання ва Украіну, а таксама георгіеўскія стужкі.

"На грузінскай мяжы ў мяне не было праблем. Можа, таму, што ў мяне грузінскае прозвішча. Але мне не задалі ніводнага пытання. Зрэшты, рускім таксама не задавалі шмат пытанняў. Грузінскі бок больш кантралюе каўказцаў з поўначы, мусульман — дагестанцаў, чачэнцаў. Іх усіх адводзяць у асобны пакой, дзе доўга распытваюць. Многія з тых, каму было адмоўлена, не спяшаліся вяртацца ў Расію. На падлозе ў памяшканні прапускнога пункта былі раскладзеныя лісты кардону, і нямала людзей ляжала або сядзела на іх. Адзін чачэнец сказаў мне, што збіраецца прабыць там як мінімум два тыдні. Ён хацеў вычакаць нейкі час, таму што, калі вернецца, яго альбо мабілізуюць і адправяць на фронт, альбо пакараюць. Я здзівіўся таму, што ён спадзяецца, што ўсё гэта ўладзіцца ці скончыцца за два тыдні", расказаў JAMnews 24-гадовы Дзмітрый, дарога якога з Масквы ў Тбілісі заняла 3 дні.

Колькі ўсяго расіян змагло заехаць у Грузію пасля абвяшчэння "частковай мабілізацыі" — невядома. Паводле дадзеных кіраўніка МУС краіны Вахтанга Гамелауры, у гэтыя дні штодня мяжу пераходзіць каля 10 тысяч расіян, гэта прыкладна на 40-45% больш, чым да 21 верасня. Прычым 60%, якія прыехалі, ужо пакінулі краіну. Закрываць мяжу, па словах міністра, Грузія не плануе.

27 верасня агенцтва РІА "Новости" са спасылкай на МУС Расіі паведаміла, што ў пункце пропуску "Верхні Ларс" паставяць мабілізацыйны пункт ваенкамата. За дзень да гэтага з расійскага боку да мяжы прыгналі БТР, каб перадухіліць яе нелегальнае перасячэнне.

Казахстан

Шматкіламетровыя заторы ёсць і на мяжы Расіі і Казахстана. Тысячы людзей спрабуюць выехаць з РФ. Праз наплыў замежнікаў у прыгранічных казахстанскіх гарадах рэзка вырас попыт на арэнднае жыллё. Знайсці кватэру ўсё складаней. Ва Уральску уцекачам ад мабілізацыі вырашыў дапамагчы кінатэатр. Ён прытуліў сотні расійскіх грамадзян, якія заехалі на тэрыторыю краіны.

Дырэктарка кінатэатра Дзілара Мухамбетава апублікавала на старонцы ў сацыяльнай сетцы відэазварот з прапановай размясціць у памяшканні ўцекачоў з РФ. І ён тут жа зрабіўся вірусным. У кінатэатр Уральска пацягнуліся замежнікі. Для іх пераабсталявалі залы. Людзі засыпалі проста ў крэслах і на падлозе.

"Ехалі мы каля сямі гадзін. На мяжы мы таксама вырашылі пешшу прайсці гэта ўсё. Сем гадзін пешшу стаялі і на мяжы. Машыны вельмі складана праязджаюць, на машыне гэта было б у тры разы даўжэй. Сем гадзін пешшу, сем гадзін на мяжы, і як бы вось — дарога прывяла нас у гэты горад", — кажа Віктар Валееў.

Вось ужо некалькі дзён ва Уральск прыбываюць сотні мужчын прызыўнога ўзросту. Прапановы на рынку арэнднага жылля ўжо вычарпаныя. Знайсці свабодную кватэру нават па завышаным кошце амаль немагчыма.

"Мы прыехалі без валюты, без разумення, што рабіць далей. А тут, у гэтым месцы, вельмі добрыя, выдатныя людзі. Не проста нас накармілі і сагрэлі добрым словам, але і падказалі, што рабіць далей. То бок гэта нам вельмі дапамагло", — расказаў Даніс Сайфутдзінаў.

На аўтамабільных і чыгуначных вакзалах расіян сустракаюць валанцёры, якія арганізавалі падвоз гарачага харчавання. Кінатэатр усё гэтак жа дае месца для начлегу.

Як быць далей, расійскія рэлаканты не ведаюць. Адны пакуль плануюць асвоіцца ва Уральску. Іншыя праглядаюць маршруты ў далёкае замежжа. Але яшчэ тыдзень таму гэтыя людзі не думалі пра эміграцыю. Рашэнне пакінуць сваю краіну было спантанным і спешным.

Да грамадзян Расіі, якія бягуць ад мабілізацыі, у Казахстане ставяцца па-рознаму. Ёсць незадаволеныя масавым наплывам замежнікаў, гучаць нават заклікі закрыць дзяржаўную мяжу. А ёсць і тыя, хто проста дапамагае людзям. Незалежна ад іх палітычных поглядаў. Па словах Дзілары, кінатэатр ужо прыняў некалькі сотняў рэлакантаў. У такім рэжыме яны плануюць папрацаваць яшчэ некалькі дзён: каб прыезджыя маглі аддыхацца і зразумець, што ім рабіць далей.

27 верасня прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што даручыў ураду прыняць неабходныя меры для аказання дапамогі прыбылым расіянам, назваўшы гэта "палітычным і гуманітарным пытаннем". Пры гэтым ён падкрэсліў, што прыезджым не варта разлічваць на прэферэнцыі. Пазней стала вядома, што Казахстан не будзе выдаваць Расіі яе грамадзян, якія ратуюцца ад мабілізацыі, калі яны не знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Паводле дадзеных МУС Казахстана, з моманту абвяшчэння частковай мабілізацыі ў краіну заехала каля 98 тысяч расіян.

Кыргызстан

У Кыргызстане праз наплыў грамадзян Расіі таксама назіраецца ажыятаж на рынку арэнды нерухомасці. У Бішкеку практычна не засталося свабодных гатэляў, з цяжкасцю можна зняць кватэру. Цэны растуць апошнія чатыры дні. Людзі браніруюць усе свабодныя месцы ў сталіцы, Ошы і нават на ўзбярэжжы Ісык-Куля.

За паўгода ў Кыргызстане Мікіта адаптаваўся. Першы раз ляцеў у Бішкек яшчэ ў лютым. Тады пра краіну ён не ведаў нічога. На месцы дапамагалі простыя людзі: таксісты, прадаўцы. У верасні паехаў у Расію рабіць візу ў Еўропу.

"Як толькі я атрымаў візу, адразу ж пачалася мабілізацыя. І я па пратаптанай дарожцы пайшоў, адразу ж узяў білет у Бішкек, прыляцеў. Я разумею, што сітуацыя можа зацягнуцца надоўга, і давядзецца ездзіць па свеце дзясяткі гадоў, але я планую вярнуцца ў Расію, мне падабаецца там жыць", — кажа ён.

Дзясяткі маладых людзей, цэлыя сем'і з дзецьмі, хтосьці з жывёламі — самалёт у Бішкек быў цалкам забіты, успамінае наш суразмоўца. Ён просіць не называць яго імя і горад, адкуль ён прыляцеў з Расіі. Там засталіся родныя, невядома, як і калі атрымаецца іх забраць. У Кыргызстане адпачывалі летам, таму ў мінулую пятніцу доўга не думаў, куды менавіта купляць білет.

"Цяжка кідаць усё тое, чым ты шмат гадоў займаўся. Спрабаваў, будаваў жыццё, перспектывы нейкія, і вось так вось адразу кінуць усё — гэта вельмі цяжка. Але дзяржава не пакідае нам выбару. Таму ў той сітуацыі, у якой знаходзіцца цяпер Расія, я для сябе не бачу сэнсу там знаходзіцца. Там два выбары: альбо турма, альбо вайна. Усё", — кажа ён.

З дня абвяшчэння ў Расіі "частковай мабілізацыі" тэлефон трохзоркавага гатэля Rixon у Бішкеку не змаўкае. Калі раней было каля 60 званкоў у дзень, сёння іх не менш за дзвесце. У апошнія дні размовы вельмі кароткія: "Прабачце, свабодных месцаў няма".

"Нумары не можам даць, у наяўнасці свабодных няма арыентавана да 4 кастрычніка. З калегамі сваімі пагаварыў, якія таксама ў гэтым бізнесе працуюць, у іх прыкладна такая ж праблема — нумарны фонд адсутнічае", — расказвае кіраўнік гатэля Эміль Замірбек уулу.

Уладальнікі гатэляў ужо адключаюць аб'явы на замежных сэрвісах, усе свабодныя нумары выкупляюць анлайн за лічаныя гадзіны. Цэны растуць, але попыту гэта не змяншае. Усё менш застаецца аб'яваў і пра арэнду кватэр.

"Я сустракаю гасцей у аэрапорце, я бачу гэтыя спустошаныя твары, якія проста стаяць і спрабуюць нешта знайсці, нейкую нерухомасць, неяк з'ехаць. Чым адрозніваюцца вераснёўскія рэлаканты ад сакавіцкіх? Тым, што ў сакавіку гэта былі хіпстары, айцішнікі, гэта былі Піцер і Масква. Цяпер з'язджаюць, бягуць, я не ведаю, як гэта правільна сказаць, усе, у каго ёсць такая магчымасць", — расказвае ўладальнік гатэля Lavitor Генадзь Вайтэнка.

Некаторыя расіяне ўжо ляцяць або едуць на ўзбярэжжа возера Ісык-Куль. Падобная сітуацыя і ў паўднёвай сталіцы Кыргызстана — Ошы. У сацсетках і месэнджарах пішуць, што свабодных месцаў у гатэлях і хостэлах усё менш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі