“Крумкачы” рызыкуюць застацца ў наступным сезоне без футбола

“Крумкачы” рызыкуюць застацца ў наступным сезоне без футбола

Дырэктар каманды Дзяніс Шунта расказаў Еўрарадыё, што у 2016-м годзе яго клуб альбо будзе гуляць у Вышэйшай лізе, альбо не будзе зусім.

30 лістапада на сустрэчы з журналістамі намеснік кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян расказаў пра тое, як “Гарадзея”, “Іслач” і “Крумкачы” рыхтуюцца да наступнага сезона. Па словах Сафар’яна, да 20 снежня уладальнікі гэтых клубаў павінны вызначыцца з тым, хочуць яны праходзіць ліцэнзаванне ў Вышэйшую лігу, альбо застануцца ў Першай. Нюанс у тым, што калі яны не змогуць выканаць патрабаванні “вышкі”, то ў Першай лізе выступіць ім таксама не дазволяць — працэдуры ліцэнзавання праходзяць адначасова.

“Крумкачы” рызыкуюць застацца ў наступным сезоне без футбола

Хто такія "Крумкачы"? Даведка Еўрарадыё

Мінскі футбольны клуб "Крумкачы" выйшаў у вышэйшую лігу футбольнага чэмпіянату Беларусі. Пра гэта стала вядома 15 лістапада, калі ў Мінску быў абыграны магілёўскі "Дняпро" (2:0). Безумоўна, гэта сенсацыя.

“Так, усё правільна. Мы можам паспрабаваць прайсці ліцэнзаванне толькі ў адну лігу. Вышэйшую альбо Першую. Такое правіла існуе, яно даволі справядлівае. Але мы будзем усё адно падаваць на Вышэйшую”, — кажа Дзяніс Шунта ў каментарыі Еўрарадыё.

Кіраўнік “Крумкачоў” гатовы рызыкнуць. Распавядае, што верагоднасць застацца на наступны год зусім без турніру існуе, але “у Першай лізе “Крумкачам” ужо няма чаго рабіць”.

“Розніца паміж лігамі не такая і вялікая. Нам патрэбны дубль, дзіцяча-юнацкія каманды. Нам самім гэта цікава. Асноўную каманду стварылі, цяпер будзем ствараць паўнавартасны клуб. Я не бачу тут праблем. Былі б грошы”, — кажа Шунта.

Наступная сустрэча кіраўніцтва “Крумкачоў” і Федэрацыі футбола пройдзе пасля 15 снежня. А пакуль адзіны прыватны клуб, які прэтэндуе на ўдзел у Вышэйшай лізе, працягвае шукаць спонсараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі