“Крумкачы” падалі дакументы на атрыманне ліцэнзіі вышэйшай лігі

“Крумкачы” падалі дакументы на атрыманне ліцэнзіі вышэйшай лігі

На пачатку сакавіка Беларуская федэрацыя футбола вырашыць, ці можа футбольны клуб Дзяніса Шунта выступаць разам з БАТЭ, “Шахцёрам” і “Дынама”.

Тэрмін падачы дакументаў на атрыманне ліцэнзіі вышэйшай лігі завяршаецца 10 лютага. “Гэта хутчэй тэхнічны момант. Усе іншыя клубы таксама падалі неабходныя дакументы”, — гаворыць Дзяніс Шунта ў каментары для Еўрарадыё.

Дырэктар “Крумкачоў” перакананы, што клуб атрымае ліцэнзію: “Як звычайна, палова клубаў яе не атрымае з першага разу. Будуць падаваць апеляцыю. Але я ўпэўнены, што мы атрымаем. У “Крумкачоў” няма пазыкаў перад футбалістамі, мы выканалі ўсе ўмовы”.

Вядомасць да ФК “Крумкачы” прыйшла ў канцы восені мінулага года, калі клуб Дзяніса Шунта нечакана прарваўся ў вышэйшую лігу, абыграўшы ў вырашальным матчы магілёўскі “Днепр”. Пры гэтым сезон 2015 года для “Крумкачоў” быў першым у першай лізе, раней яны выступалі у другой.

ФК “Крумкачы” з’яўляюцца паўпрафесійнай камандай. Значная частка футбалістаў у асноўны свой час займаецца зусім іншымі справамі — будаўніцтвам альбо гандлем. У выпадку атрыманне ліцэнзіі ФК “Крумкачы” стануць першым цалкам прыватным клубам, які будзе выступаць у вышэйшай лізе Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі