Краіны ЕС хочуць змякчыць санкцыі супраць "Беларуськалія"

Прапануецца пашырыць долю дапушчальнага імпарту з Беларусі / Еўрарадыё​
Прапануецца пашырыць долю дапушчальнага імпарту з Беларусі / Еўрарадыё​

Прадстаўнікі некалькіх краін ЕС падтрымліваюць змякчэнне санкцый супраць "Беларуськалія". Дыпламаты Бельгіі ўжо накіравалі ліст з адпаведнай просьбай іншым краінам ЕС, паведамляе Bloomberg.

Bloomberg піша, што азнаёмілася з лістом і яшчэ адным дакументам, які пацвярджае, што не толькі Бельгія зацікаўленая ў пераглядзе санкцый. 

Ініцыятары паслабленняў хацелі б змяніць дапушчальнае ўтрыманне калію ў імпартаваных угнаеннях. 

"Паводле ліста, буйная бельгійская кампанія, якая пастаўляе ваду ў гарады, сутыкнулася з мытнымі праблемамі, паколькі гатунак калію, які яна імпартавала, быў у разы вышэйшы, чым дазволена ЕС у адпаведнасці з санкцыямі. Іншыя кампаніі таксама сутыкаюцца з падобнымі праблемамі", — піша Bloomberg.

Санкцыямі ЕС забаронены імпарт беларускіх угнаенняў з утрыманнем калію менш за 40% або больш за 62%. Гэтыя прадукты складаюць каля 20% продажаў "Беларуськалія".

Страны ЕС хотят смягчить санкции против “Беларуськалия”
Большая частка прадукцыі "Беларуськалія" пад санкцыі не трапіла / Еўрарадыё

Bloomberg адзначае, што ў асноўным Беларусь экспартавала ўгнаенні з утрыманнем калію 60%. Гэта значыць, пад абмежаванні гэтая прадукцыя не трапляе, але Бельгія просіць дапусціць адхіленне ад устаноўленых паказчыкаў на 2%. 

Інакш еўрапейскім кампаніям давядзецца закупляць калій у іншых краінах, што прывядзе да росту цэн. Беларусь не адзін год абвінавачвалі ў дэмпінгу на калійным рынку, бо цэны "Беларуськалія" ніжэйшыя, чым у іншых гульцоў.

Прадстаўнікі Бельгіі кажуць і пра зніжэнне якасці ўгнаенняў.

"Сёлета цэны на ўгнаенні рэзка выраслі, бо рост цэн на сельскагаспадарчыя культуры спрыяў павелічэнню выдаткаў фермераў на пажыўныя рэчывы для глебы. Павышэнне цэн пажыўных рэчываў таксама можа пагоршыць глабальную харчовую інфляцыю ў той час, калі голад расце, асабліва ў бедных краінах", — заключае Bloomberg.

У чэрвені 2021 года Савет ЕС зацвердзіў сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Пад удар трапілі калійная, нафтаперапрацоўчая і тытунёвая галіны. Паколькі санкцыі не распаўсюджваюцца на дзейныя кантракты, чакаецца, што цалкам яны запрацуюць з пачатку 2022 года. Паводле ацэнак экспертаў, санкцыі могуць каштаваць беларускай эканоміцы да 10% ВУП.

Таксама дзейнічаюць фінансавыя санкцыі ЕС у дачыненні да трох дзяржбанкаў, якія забараняюць структурам ЕС крэдытаваць іх на тэрмін больш за 90 дзён, а таксама аказваць паслугі перастрахавання.

Да канца кастрычніка можа быць гатовы пяты пакет санкцый ЕС. Гэта будзе адказ Еўрасаюза на паток мігрантаў з Беларусі. Пад санкцыі можа трапіць і міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі